Паўсюдны Касцёл (6)

Варта ведаць

☞ ЗША. Палата прадстаўнікоў штата Агая прыняла законапраект, які патрабуе крэмацыі або пахавання цел дзяцей, жыццё якіх перапыняецца падчас хірургічных абортаў. Жанчына павінна даць пісьмовае распараджэнне, што рабіць з целам ненароджанага. У выпадку яе адмовы гэтае рашэнне прымае абортная клініка і здзяйсняе пахаванне за свой кошт. Законапраект прадугледжвае крымінальную адказнасць першай ступені для тых, хто свядома не клапоціцца аб далейшым лёсе абартаваных дзяцей.

    ☞ Італія. Пандэмія каранавіруса ўскладніла фізічны кантакт паміж членамі сям’і. У дамах для састарэлых ствараюцца спецыяльныя пакоі, дзе сваякі могуць абняцца падчас наведванняў. У “пакоях для абдымкаў” вісяць празрыстыя шторы, у якіх зроблены “рукавы” для рук. Дзякуючы такой канструкцыі можна прытуліцца да блізкага чалавека і мінімізаваць рызыку заражэння. Каб трапіць у спецыяльны пакой, сям’я павінна выконваць строгі пратакол гігіены і бяспекі.
   
   ☞ Бразілія. С. Лорэйн Каралін Цінці з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Уваскрасення перамагла ў 17-ым эпізодзе кулінарнага шоў “Master Chef Brasil 2020” і выйшла ў фінал. “Бог мне дапамог”, – сказала манахіня пасля праграмы, адзначыўшы, што малілася падчас гатавання страў. С. Лорэйн задаволена, што прымае ўдзел у кулінарным шоў, бо гэта дае магчымасць расказаць пра сацыяльныя праекты для пажылых людзей і дзяцей, якія яна рэалізуе.
   
   ☞ Францыя. Велізарная карціна ў стылі стрыт-арт упрыгожыла святыню на курорце Шатэлаён-Плаж каля Ла-Рашэлі на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Яе стваральнік Амары Дзюбуа працаваў у скляпенні касцёла св. Марыі Магдаліны на працягу двух з паловай месяцаў. Нягледзячы на некаторыя негатыўныя рэакцыі, фрэска кранае людзей. Ёсць таксама тыя, каго настолькі прываблівае новы выгляд інтэр’ера святыні, што яны збіраюцца наведваць касцёл.
   
    ☞ Швейцарыя. Епіскапат выступіў супраць законапраекта аб “грамадзянскім шлюбе для ўсіх”. У спецыяльнай заяве з гэтай нагоды біскупы падкрэслілі, што, з аднаго боку, яны падтрымліваюць намер парламента прызнаць роўныя правы ўсіх людзей, але, з іншага боку, “неабходна адрозніваць дыскрымінацыю і дыферэнцыяцыю”. Іерархі адзначаюць, што такі крок можа выклікаць негатыўныя этычныя наступствы: каб мець нашчадкаў, аднаполыя пары павінны звяртацца да тэхналогій дапаможнай рэпрадукцыі, якія парушаюць права дзіцяці ведаць сваё паходжанне.