Паўсюдны Касцёл (5)

Варта ведаць

☞ Польшча. Папам Францішкам заснавана Ольштын-Гданьская епархія візантыйска-ўкраінскага абраду. Для яе былі аддзелены некаторыя тэрыторыі ПшэмысльскаВаршаўскай архіепархіі і Вроцлаўска-Гданьскай епархіі. Першым біскупам прызначаны а. Аркадзь Траханоўскі. Новая епархія займае 90 075 км², налічвае 43 парафіі і душпастырскія цэнтры. Катэдрай вызначана царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Ольштыне.

    ☞ Кітай. Абноўлена Часовае пагадненне, падпісанае паміж Апостальскай Сталіцай і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Яно датычыцца прызначэння біскупаў і не закранае прававы статус Каталіцкага Касцёла ў краіне і адносіны паміж мясцовым духавенствам і ўладамі. Гэта мае вельмі важнае значэнне, паколькі раней маглі служыць толькі біскупы, выбраныя падкантрольнай рэжыму Патрыятычнай асацыяцыяй кітайскіх католікаў, без ведама і згоды Папы.
   
   ☞ Мазамбік. У горадзе Нангалола ў правінцыі Дэльгада ісламскія тэрарысты знішчылі адну з найстарэйшых каталіцкіх місій у краіне. Джыхадысты ўчынілі генацыд у адносінах да мясцовых хрысціян. Уздоўж дарог можна ўбачыць мноства цел, якія ўжо раскладаюцца. Шмат каму была адсечана галава, а дамы спалены і разбураны. Паводле паведамленняў мазамбікскіх СМІ, з-за нападаў джыхадыстаў, звязаных з г. зв. Ісламскай дзяржавай, ужо больш за паўмільёна чалавек вымушана пакінулі свае дамы ў правінцыі Каба Дэльгада (у асноўным, хрысціяне).
   
   ☞ ЗША. У 2021 годзе павінна распачаць працу першая ў свеце хрысціянская авіякампанія “Judah 1”. Яна ўжо мае ліцэнзію Федэральнай авіяцыйнай адміністрацыі ЗША (FAA), неабходную для паветранага руху. Авіякампанія была створана з мэтай падтрымкі місіянераў і рэалізацыі ініцыятыў дапамогі ў ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў. За квіткі ў самалёце неабходна будзе плаціць, але правоз любога багажу бясплатны. Гэта робіць авіякампанію канкурэнтаздольнай на рынку.
   
    ☞ Аўстрыя. Пандэмія не перашкодзіла працягу традыцыі запальваць Бэтлеемскае святло міру. Ініцыятарам акцыі з’яўляецца радыё ORF з Верхняй Аўстрыі. Святло з аліўкавай лямпы ў Гроце Нараджэння Хрыстова ўжо дастаўлена ў краіну на самалёце. Пакуль што невядома, як сёлета “знак міру з Бэтлеема” будзе перадавацца ў розныя краіны Еўропы, а таксама ў ЗША і некалькі краін Лацінскай Амерыкі. Перадача Святла міру мае адбыцца пад лозунгам “Святло служэння”.