Паўсюдны Касцёл (2)

Варта ведаць

☞ Венесуэла. Міс Венесуэла-2020, якой стала 24-гадовая студэнтка Марыянхэль Уільясміль, публічна заявіла, што сваёй каронай абавязана Богу і Маці Божай з Чыкінкіры – заступніцы суседняй Калумбіі, а таксама штата Сулія, адкуль яна родам. Кожны год 18 лістапада, у гадавіну цудоўнага аб’яўлення Марыі ў Чыкінкіры, у горадзе праводзіцца свята, якое доўжыцца некалькі дзён. У гэты час туды прыязджаюць вернікі з усёй краіны, каб прыняць удзел у працэсіі ў гонар сваёй заступніцы.

    ☞ Малі. Пасля перамоў мясцовага ўрада з ісламістамі з палону вызвалены а. П’ерлуіджы Макалі – 59-гадовы італьянскі місіянер, які быў выкрадзены 17 верасня 2018 года ў Нігеры, у памежнай вобласці Буркіна-Фасо. Святар з’яўляецца членам Таварыства афрыканскіх місій. У абмен на вязня захопнікі запатрабавалі выпусціць сотню джыхадыстаў.
   
   ☞ Чэхія. У сувязі з пашырэннем пандэміі COVID-19 урад краіны скараціў колькасць удзельнікаў публічны х сходаў да ўражальнай колькасці: не больш за 6 чалавек. Гэта тычыцца і прысутнасці на св. Імшах. Многія крытыкуюць хаос у дзеяннях урада. Яшчэ некалькі тыдняў таму ў св. Імшы маглі прыняць удзел да 100 чалавек, затым гэтая колькасць была зменшана да 10-ці, а цяпер да 6-ці чалавек.
   
   ☞ Іспанія. Падчас пандэміі каранавіруса колькасць семінарыстаў у дыяцэзіі Хетафэ каля Мадрыда значна ўзрасла. Мясцовая курыя паведаміла, што ў цяперашні час у дыяцэзіяльнай семінарыі навучаецца 35 семінарыстаў, г. зн. на 40% больш, чым да пачатку акадэмічнага года. Узрост кандыдатаў у святары – ад 18-ці да 35-ці гадоў. Сярод іх як грамадзяне Іспаніі, так і замежнікі.
   
    ☞ Украіна. У школах Львова і Львоўскай вобласці назіраецца небяспечная тэндэнцыя: вучні малююць на дошках пентаграм і вымаўляюць формулы загавораў. Маладыя людзі хочуць, каб дзякуючы гэтаму не адбыліся заняткі, каб настаўнік не прыйшоў у клас ці каб іх ніхто не кантраляваў. Як стала вядома, дадзены спосаб уплыву на рэчаіснасць прапануецца ім праз сацыяльны партал Tik Tok. Духавенства заклікае бацькоў звярнуць увагу на тое, што робяць іх дзеці, і просіць паразмаўляць з імі пра духоўную небяспеку сатанінскіх практык. Такія “гульні” нельга расцэньваць як жарт: можна ўвязацца ў адносіны са злым духам.