Варта ведаць (151)

Варта ведаць

☞ Папа Францішак прызначыў ва Украіне дапаможным біскупам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі кс. Аляксандра Язлавецкага. Да гэтага часу святар працаваў канцлерам і мадэратарам дыяцэзіяльнай курыі. Малады ксёндз (40 гадоў) увойдзе ў топ-5 самых маладых рымска-каталіцкіх біскупаў свету. Ён толькі на 3 месяцы старэйшы за наймалодшага іерарха, якім з’яўляецца біскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Пятро Лаза. Адметна, што ўсе 5 іерархаў нясуць служэнне ва Украіне.

    ☞ Дэлегацыя Святога Пасада выступіла з заявай на заключным пасяджэнні 27-га Эканоміка-экалагічнага форуму АБСЕ, што праходзіў у Празе (Чэхія). Сярод мноства тэм, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, ватыканскі бок звярнуў увагу на навакольнае асяроддзе і належнае кіраванне рэгіянальнай бяспекай. Было падкрэслена, што многія экалагічныя праблемы, асабліва ў Еўропе, могуць быць вырашаны эфектыўна толькі пры цесным міжнародным супрацоўніцтве. Святы Пасад лічыць, што добраму і справядліваму эканамічнаму росту перашкаджае адсутнасць належнага дзяржаўнага і карпаратыўнага кіравання.
   
   ☞ Епіскапат Іспаніі выпусціў дакумент пад назвай “Мая душа шукае Бога, Бога жывога. Дактрынальныя ўказанні па хрысціянскай малітве”. Яго мэта – паказаць “характар і багацце малітвы і духоўнага вопыту, укаранёнага ў Адкрыцці і Традыцыі Касцёла”. Іерархі перасцерагаюць ад прыёмаў і метадаў медытацыі, якія ўводзяцца ў іншых рэлігійных традыцыях і часта прыводзяць да “адмовы ад каталіцкай веры”. У прыватнасці, звяртаюць увагу на будысцкую дзэнметодыку.
   
   ☞ 500-годдзе хрысціянства на Філіпінах адзначыць Касцёл у 2021 годзе. Прэзідэнт краіны Радрыга Дутэртэ выступіў супраць святкавання ўрачыстасці. Ён сцвярджае, што Фернан Магелан прыйшоў на іх землі з “крыжом і зброяй”. Віцэ-прэзідэнт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Філіпінаў Пабла Давід заявіў, што хрысціянская вера, якую прынеслі канкістадоры, натхніла філіпінцаў на “мару пра свабоду і дэмакратыю”. “У канчатковым рахунку яна матывавала абараніць асноўнае індыйскае насельніцтва і спыніць тыранію і каланіяльнае кіраванне”, – патлумачыў іерарх.
   
   ☞ Акадэмія сужэнстваў і сем’яў у Катавіцах (Польшча) распрацавала інфаграфіку пра важнасць касцёльнага шлюбу для трываласці сямейнага саюза. Згодна з прыведзенымі данымі, палова сужэнцаў, якія жывуць у грамадзянскім шлюбе, разыходзяцца. Такі ж лёс напаткаў толькі трэць тых, хто бярэ касцёльны шлюб, але ў далейшым не практыкуе рэлігійнае жыццё. Хто разам удзельнічае ў св. Імшах па нядзелях, разыходзяцца ў выпадку 1:50. Найменш разводы закранаюць пары, якія штодзённа прымаюць удзел у св. Імшах і супольна моляцца – 1:1429.

vaticannews.va; credo.pro; wiara.pl