Варта ведаць (139)

Варта ведаць

☞ Папа Францішак прыняў прадстаўнікоў епіскапату Казахстана, а таксама каталіцкіх ардынарыяў Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, якія прыбылі ў Рым з візітам “Ad limina Apostolorum”. Пастыры лакальных Касцёлаў выказалі Пантыфіку пажаданне, каб Апостальская Сталіца стварыла Канферэнцыю Біскупаў Казахстана і Цэнтральнай Азіі. На іх думку, такое рашэнне магло б умацаваць падтрымку Касцёла ў 4-ох самых малых краінах рэгіёна, дзе вернікаў вельмі мала, і яны даручаны пастырскай апецы некалькіх місіянераў, святароў і кансэкраваных асоб.

    ☞ Ва Утрэхце (Галандыя) выстаўлены на продаж будынак катэдральнага сабора св. Кацярыны, утрыманне якога стала занадта дарагім для невялікай колькасці вернікаў. Супраць продажу святыні выказалі пратэст католікі ўсёй дыяцэзіі, а таксама вернікі з іншых гарадоў і нават краін. У інтэрнэце нераўнадушныя ставяць свой подпіс пад адпаведнай петыцыяй. Канчаткова лёс сабора вырашыць Святы Пасад, паколькі гаворка ідзе пра катэдральную парафію, а не толькі пра парафіяльную святыню.
   
   ☞ Парагвай намераны стварыць новую паломніцкую трасу. Планаваны “Шлях слядамі езуітаў” будзе нагадваць пра вёскі, заснаваныя на пачатку XVII стагоддзя місіянерамі з Таварыства Езуса ў цэнтральнай частцы Паўднёвай Амерыкі, якія павінны былі ахоўваць мясцовых індзейцаў ад гандлю нявольнікамі. Гэтыя вёскі, называемыя рэдукцыямі, размяшчаліся на землях сучасных Парагвая, Аргенціны, Бразіліі, Уругвая і Балівіі. Усе рэдукцыі былі ліквідаваны ў 1767 годзе. Праз 250 гадоў аб гэтым наследдзі айцоў езуітаў будзе прыгадваць падрыхтаваная паломніцкая траса.
   
   ☞ Сенат ЗША не прыняў закон, які забараняе дзетазабойства немаўлят, што нарадзіліся нягледзячы на аборт. Для яго прыняцця не хапіла 7 галасоў з 60-ці. Закон павінен быў абавязаць урачоў прадастаўляць такім дзецям любую неабходную дапамогу і транспартаваць іх у бальніцу. Сёння, напрыклад, у штаце Нью-Ёрк жанчыны могуць правамерна практычна без абмежаванняў выконваць аборты на працягу ўсёй цяжарнасці. Акрамя таго, пасля кансультацый паміж урачамі і маці можа быць прынята рашэнне аб смерці нованароджанага, г. зн. праведзена эўтаназія.
   
   ☞ Лаўрэат прэміі “Оскар” 2019 года Рэгіна Кінг, якая атрымала ўзнагароду як лепшая актрыса другога плана ў фільме “Калі б Біл-стрыт магла загаварыць”, у сваёй прамове падзякавала за сваё выхаванне маме. “Я вельмі ўдзячна табе за тое, што навучыла мяне: Бог заўсёды з клопатам выходзіць насустрач, Бог заўсёды добры”, – сказала актрыса. Гэтыя словы выклікалі ў многіх сабраных слёзы. Кінг сыходзіла са сцэны пад гучныя апладысменты.

credo.pro; vaticannews.va; niedziela.pl