Варта ведаць (138)

Варта ведаць

☞ Святы Айцец прызначыў Камерленга Святога Рымскага Касцёла. Ім стаў кард. Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Перад ім гэтую функцыю выконваў памерлы ў ліпені мінулага года кард. Жан-Луі Таран. Кардынал камерленг мае ключавую ролю пасля смерці Папы або яго адмовы ад пасады. Гэта ён сцвярджае і абвяшчае аб смерці Святога Айца, знішчае персцень рыбака і папскія пячаткі, а таксама кіруе Касцёлам і Ватыканам да часу выбару новага Наступніка св. Пятра.

    ☞ У пакістанскіх вязніцах сёння знаходзіцца 187 хрысціян, абвінавачаных на падставе закона аб блюзнерстве, які дзейнічае ў краіне ўжо больш за 30 гадоў. Гэтыя даныя перадала Нацыянальная камісія справядлівасці і міру, якая існуе пры Канферэнцыі біскупаў Пакістана. Яна падкрэслівае, што ўзгаданыя законы аб блюзнерстве “моцна абмяжоўваюць свабоду рэлігіі і перакананняў, бо часта выкарыстоўваюцца як інструмент праследавання рэлігійных меншасцей”.
   
   ☞ Касцёл у Францыі занепакоены ростам колькасці нападаў на каталіцкія святыні. На думку ардынарыя дыяцэзіі Нім, надышоў новы этап агрэсіі. “Дагэтуль невядома, чым кіруюцца злачынцы. Паражае тое, што гэтыя дзеянні ўчынены абсалютна наўмысна, і гаворка ідзе не толькі аб вандалізме, але і аб прафанацыі”, – гаворыць бп Роберт Ватэблэд. Так было менавіта ў Німе, дзе апаганілі кансэкраваныя Гостыі, укінуўшы іх у экскрэменты, якімі вымазалі таксама крыж.
   
   ☞ Рэзультатам падарожжа папы Францішка ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты стала падпісаная з імамам Аль-Азхара, найбольш аўтарытэтнага інстытута ў свеце суніцкага ісламу, дэкларацыя аб братэрстве на карысць міру ў свеце. Яна моцна акрэслівае не толькі гісторыю хрысціянска-ісламскіх адносін, але і ўсяго мусульманскага свету. Адназначна паказвае, што без сапраўднага братэрства мы не будзем здольны стрымаць Трэцюю сусветную вайну па кавалках. “Гэтая дэкларацыя ставіць выклік для абодвух бакоў, – заўважае Андрэа Тарніэлі, праграмны дырэктар ватыканскіх СМІ, які спадарожнічаў Папе ў паездцы. – Варта заўважыць, як у ёй гаворыцца пра крыніцы тэрарызму і фундаменталізму. Гэта не толькі памылковая інтэрпрэтацыя рэлігійных тэкстаў, але і пэўная «духоўная хвароба», якую перажываюць нашы грамадствы, адыходзячы ад рэлігіі і этыкі, што спрыяе росту адчаю і фанатызму”.
   
   ☞ У структурах “Карытас” Беластоцкай архідыяцэзіі з’явілася першая ў Польшчы Медыцынская служба “Карытас”. Група вопытных медыкаў будзе дзейнічаць на карысць жыхароў Беластока і рэгіёна ў сферы прафілактыкі здароўя, адукацыі і выратавальных работ.

ekai.pl; vaticannews.va; wiara.pl