Варта ведаць (133)

Варта ведаць

☞ Прэзідэнт Ірака Бархам Салех запрасіў папу Францішка наведаць краіну. Аб гэтым паведаміў сам кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы з сабранымі на пасяджэнні ў Багдадзе каталіцкімі патрыярхамі Блізкага Усходу. Новы прэзідэнт, які належыць да курдскай меншасці, заявіў, што збіраецца быць абаронцам Канстытуцыі, каб ахоўваць разнастайнасць і падтрымліваць дух талерантнасці і ўзаемнага суіснавання пад знакам паяднання. Запэўніў, што ў сваіх адносінах з хрысціянамі і іншымі сацыяльнымі групамі будзе кіравацца прынцыпам грамадзянства ў краіне, жыхары якой роўныя, без дыскрымінацыі па прычыне культурнай, этнічнай ці рэлігійнай тоеснасці.

    ☞ З 1 снежня біскуп Адэска-Сімферопальскі Браніслаў Бярнацкі ўзначальвае Канферэнцыю епіскапату Рыма-каталіцкага Касцёла ва Украіне. Гэтае рашэнне было прынята падчас 51-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў у Львове. Згодна са Статутам, старшыня Канферэнцыі епіскапату абіраецца на 5-гадовы тэрмін і не можа займаць гэтую пасаду даўжэй за 2 тэрміны. Між іншым, на пасяджэнні былі абраны старшыні ўсіх камісій Канферэнцыі і зацверджаны план працы на наступны год.
   
   ☞ 3-ох айцоў кларэтынаў, выкрадзеных у Камеруне ў лістападзе бягучага года, адпусцілі на волю. У руках выкрадальнікаў застаецца кіроўца, які суправаджаў святароў. Айцы былі схоплены ўзброенымі людзьмі, калі везлі гуманітарную дапамогу ахвярам канфлікту ў англамоўнай частцы краіны. Некалькі дзён таму ў паўночна-заходнім рэгіёне Камеруна адбылася разня, у выніку якой загінула 30 чалавек. Армія і англамоўныя актывісты вінавацяць адзін аднаго ў здзяйсненні гэтага злачынства. Канфлікт паміж англамоўнай і франкамоўнай часткамі Камеруна доўжыцца з 2016 года.
   
   ☞ Праз 117 гадоў ЗША вернуць Філіпінам скрадзеныя званы. Амерыканскія ваенныя вывезлі іх у 1901 годзе з касцёла ў Баланджыга Баранганскай дыяцэзіі на востраве Самар. Пасля шматгадовых просьбаў аб вяртанні гістарычных званоў было вырашана перадаць іх законным уладальнікам. Біскуп Крыспін Варкес з Барангана ацаніў гэты жэст як адвэнтавы знак “гаення ран і прымірэння”. Ён выказаў надзею на тое, што яшчэ да Каляд званы вернуцца ў Баланджыгу.
   
   ☞ Вышэйшую ўзнагароду фэсту “Mirabile Dictu”, якую называюць “каталіцкім Оскарам”, атрымала стужка італьянскага рэжысёра Джавані Бедзешы “Хлеб з Неба”. У аснове сюжэта – 2-ое міланскіх бяздомных, мужчына і жанчына, якія знаходзяць на сметніку немаўля. Яны ўсведамляюць, што з гэтага моманту іх жыццё зменіцца назаўжды. Але дзіця нябачнае, дакладней, яго бачаць не ўсё. Рэакцыя розных герояў на гэты факт дзівіць, як і тое, хто з іх усё ж убачыў немаўля на ўласныя вочы.

credo.pro; kai.pl; niedziela.pl