Варта ведаць (132)

Варта ведаць

☞ Папа Францішак наведае Марока 30–31 сакавіка 2019 года. Яго падарожжа ахопіць Рабат і Касабланку. З нагоды заяўленых планаў Святога Айца арцыбіскуп Рабата Крыстобаль Лопес напісаў ліст да вернікаў, просячы іх аб малітве ў намеры добрага плёну гэтага паломніцтва. “Пантыфік выбірае нас, такіх «няважных у вачах свету», – зазначае абп Лопес. – Прыбывае на землі ісламу, каб падтрымаць хрысціянска-мусульманскі дыялог, каб нас, католікаў, умацаваць у веры, а таксама дапамагчы развіццю экуменізму, якім жывём на кожны дзень”.

    ☞ Ватыкан звярнуў увагу на небяспеку, якой з’яўляецца павышэнне ўстойлівасці да антыбіётыкаў. “Гэта пагражае здароўю і развіццю цэлых народаў”, – перасцярог прэфект Дыкастэрыі па справах інтэгральнага развіцця чалавека кард. Пітэр Тарксан. Іерарх зрабіў акцэнт на наступствах усё большай устойлівасці мікробаў і, у выніку, больш свядомым выкарыстанні антыбіётыкаў. Такім чынам, Каталіцкі Касцёл далучаецца да старанняў міжнароднай супольнасці аб абмежаванні ўжывання антыбіётыкаў і да лепшага інфарміравання на гэтую тэму.
   
   ☞ Канферэнцыя епіскапату Партугаліі звярнулася да ўрада сваёй краіны, заклікаючы адказных асоб змагацца з гандлем людзьмі.
    Біскупы нагадалі пра шматлікія за апошні час паведамленні аб існаванні груп кантрабандыстаў, якія спецыялізуюцца на гандлі “жывым таварам”. Як адзначыў старшыня партугальскай Канферэнцыі епіскапату кард. Мануэль Клементэ, да барацьбы cа з’явай кантрабанды людзей закліканы не толькі палітыкі, але таксама мясцовае грамадства.
   
   ☞ У рамках праекта “Вяртаем ва Украіну культурную спадчыну” ў Львоўскім музеі гісторыі рэлігіі адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля XIV ст. Над ім працавала выдавецтва “Горобець” пры садзейнічанні Украінскага культурнага фонду. Як мяркуюць, рукапісная пергаментная славутасць створана на заказ князя Войшалка Міндоўгавіча. Перапісана для Лаўрышаўскага манастыра паблізу Навагрудка ў Беларусі. Пасля закрыцця манастыра манахі перадалі кнігу князю Адаму Чартарыйскаму. У 1872 годзе Евангелле ўнесена ў Спіс рукапісаў архіва князёў Чартарыйскіх у Кракаве.
   
   ☞ Вядомая ў свеце абаронца ненароджаных дзяцей Мэры Вагнер правяла ў турмах Канады 6 гадоў. Ёй быў вынесены прысуд за тое, што распавядае ў прыватных абартарыях цяжарным жанчынам, што аборт – гэта забойства. Па некаторых сведчаннях, каля ста асоб адмовіліся ад аборту пасля гутаркі з Мэры. Некалькі разоў перад заключэннямі жанчыне прапаноўвалі кампраміс: меншы тэрмін за абяцанне не набліжацца да абартарыяў, але яна не згаджалася, за што неаднаразова атрымлівала шматмесячныя зняволенні.

credo.pro; vaticannews.va; niedziela.pl