Варта ведаць (102)

Варта ведаць

 Скардзіцца забаронена”. Таблічка з такім папярэджаннем з’явілася нядаўна на дзвярах апартаментаў папы Францішка ў Доме св. Марты ў Ватыкане, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Пантыфіка. На ёй таксама падкрэслена: “Перастань скардзіцца і зрабі нешта, каб выправіць сваё жыццё”. Гэтую шыльду папе Францішку падарыў пасля агульнай аўдыенцыі яе аўтар, італьянскі псіхолаг і псіхатэрапеўт Сальва Ноэ. Убачыўшы яе, Святы Айцец сказаў, што павесіць таблічку на дзвярах свайго бюро, але пазней прызнаў, што тая лепш падыходзіць для яго прыватных апартаментаў.

    Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін рыхтуецца да запланаванага на жнівень падарожжа ў Маскву (Расія), падчас якога ён сустрэнецца, між іншым, з патрыярхам Кірылам і Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. “Гаворка ідзе пра будаванне мастоў, што азначае дзейнасць каталіцкага Касцёла і дыялог з праваслаўнай Царквой”, – гаворыць кардынал, дадаючы, што размаўляць будзе таксама аб міжнародных справах – аб Блізкім Усходзе, Сірыі і Украіне.
   
     Місіянеры бенедыктынцы з баварскага абацтва Санкт Аціліен (Германія) збіраюцца заснаваць кляштар у Егіпце як “сігнал супраць памяншэння колькасці хрысціян на Блізкім Усходзе”. Пра гэта паведаміў абат настаяцель нямецкіх бенедыктынцаў Ерамія Шродэр. Сёння манахі маюць свой дом у прыгарадзе Каіра. Другім месцам іх дзейнасці будзе ферма паблізу Суэцкага канала. З 2018 года яна зможа служыць як навіцыят.
     
    Французскі фатограф Фабрыс Фуйе падарожнічае па свеце, робячы здымкі сучасных святынь, архітэктура якіх радыкальна адрозніваецца ад кананічных уяўленняў пра эстэтыку храмавых збудаванняў. Аўтарская падборка пад назвай “Corpus Christi” (“Цела Хрыста”) заснавана, у большасці сваёй, на святынях, пабудаваных пасля ІІ Сусветнай вайны. Яны адрозніваюцца мінімалісцкім і канцэптуальным дызайнам. Нязменнай – незалежна ад модных тэндэнцый і ўдасканалення будаўнічых тэхналогій і матэрыялаў – застаецца дамінанта вертыкальных плоскасцей, якія вызначаюць накіраванасць кампазіцыі святыні ў нябёсы.
   
   • Канадскі спявак Джасцін Бібер публічна вызнае сваю веру. З таго часу, як ён прыняў хрост (2014 год), часта ўспамінае, наколькі важная для яго сувязь з Богам. На канцэртах выканаўца дадае ў рэпертуар песні праслаўлення, часам запрашае святароў прамовіць слова. Падчас турнэ “Purpose” у ходзе сіднэйскага канцэрта ён раптам змяніў словы сваёй песні і праспяваў у залу: “Запомніце мае словы: Езус вас любіць!”. Падобныя сведчанні вяртаюць веру ў такія месцы, як Галівуд, што звычайна асацыіруюцца з распустай і грахом.

credo.pro; pch24.pl; niedziela.pl