Варта ведаць (87)

Варта ведаць

•  Папа Францішак раздзяліў святочны сняданак з беднымі. У дзень свайго 80-годдзя перад ранішняй св. Імшой Пантыфік запрасіў бяздомных у сталовую Дома св. Марты ў Ватыкане. Сярод іх было 4 італьянцы, 2 румына, малдаванін і перуанец. З кожным Папа пагаварыў і прэзентаваў аргентынскія прысмакі. У сваю чаргу госці падарылі Святому Айцу сланечнікі на знак Царквы, якая заўсёды паварочваецца ў бок сонца, якім з’яўляецца Хрыстос. Дарэчы, у Дзень нараджэння Пантыфік атрымаў больш за 70 тысяч віншавальных лістоў. Больш за ўсё на англійскай, іспанскай і польскай мовах.

    Пераўтварэнне запечанай крыві мучаніка IV стагоддзя св. Януарыя звычайна адбываецца ў Неапалі 3 разы на год: у першую суботу мая, 19 верасня і 16 снежня. На гэты раз у снежні цуд не здарыўся, што многія ўспрымаюць як дрэнны знак. Традыцыя сведчыць, што, калі цела св. Януарыя перанеслі, запечаная кроў, сабраная ў 2 ампулы, у руках біскупа стала вадкай. Першы такі апісаны выпадак адбыўся ў 1389 годзе, калі ўпершыню былі публічна паказаны ампулы. Хоць цуд ужо неаднаразова вывучалі, да гэтага часу не вядома, што з’яўляецца яго прычынай.
   
    “Карытас” Пакістана плануе высадзіць 3 млн дрэў. Мэта акцыі – павысіць інфармаванасць грамадства адносна кліматычных змен. Адкрываючы запланаваную на 3 гады акцыю, абп Джозэф Кутс пасадзіў у Лахоры аліўкавае дрэва. “Наша кампанія датычыць не рэлігіі, а ўсяго народу”, – сцвердзіў іерарх. Пакістан з’яўляецца адной з краін найбольш закранутых зменамі клімату. “Карытас” вылучыць сродкі на акцыю часткова з уласных фондаў, але таксама разлічвае на падтрымку кіраўніцтва дзяржавы..
     
     У луцкім супермаркеце (Украіна) з’явіўся стэлаж, дзе жадаючыя могуць пакінуць хлеб для людзей, якія не ў стане набыць яго самастойна. Палічка размешчана ў гандлёвай зале непадалёк ад кас, што робіць яе заўважнай. “Ідэю я падгледзеў у супермаркетах Хмяльніцкага і вырашыў арганізаваць такую ж ініцыятыву ў Луцку, – распавядае грамадскі актывіст Ігар Аляксееў. – Акцыя называецца «Адкладзены хлеб». Я ўсталяваў у крамах ужо 5 такіх паліц. Зараз раблю яшчэ 10”.
   
    Да ролі ў фільме пра езуітаў пад назвай “Цішыня” акцёр Эндру Гарфілд рыхтаваўся на ігнацыянскіх рэкалекцыях. У духоўных практыкаваннях артыста, вядомага па галоўнай ролі ў кінастужцы “Чалавек-павук”, суправаджаў а. Джэймс Марцін SJ. Як прызнаецца Эндру, ён быў “напоўнены жаданнем распаўсюджваць вучэнне Хрыста”. Фільм зняты паводле аднайменнага рамана Сюсаку Энда пра 2-ух езуітаў, якія адправіліся на місіі ў Японію. Стужка выйшла на экраны кінатэатраў у канцы снежня мінулага года.

credo-ua.org; gosc.pl; niedziela.pl