Варта ведаць (84)

Варта ведаць

 II Еўрапейскі кангрэс у абарону хрысціян адбыўся 4–5 лістапада ў Кракаве. Яго ініцыятар прафесар Рышард Легутка запрасіў спецыялістаў з галіны міжнароднага права, замежнай палітыкі, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і высокапастаўленых прадстаўнікоў Касцёла Блізкага Усходу. Першая частка кангрэсу складалася са сведчанняў, што датычылі пераследу хрысціян. Другую частку прысвяцілі палітычным і прававым пытанням. Мэтай кангрэсу была распрацоўка напрамкаў прававой і палітычнай дзейнасці, якія могуць паўплываць на абмежаванне з’явы пераследу хрысціян.

    Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая ў мінулым годзе атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры, ахвяравала частку ўзнагароджання для шматдзетнай сям’і са Слоніма. “Лічу сваім абавязкам зрабіць так, як сказана ў Бібліі: аддаць дзесяціну”. Пісьменніца дапамагла маладой сям’і Любові і Васіля Равенкаў, якія выхоўваюць шасцёра дзяцей на здымнай кватэры. Пісьменніца зрабіла ўнёсак для льготнага жылля, які сужэнцы не ў стане былі пагасіць, каб атрымаць уласную кватэру.
   
    Вядомы футбаліст Філіп Малрайн, які выступаў у нацыянальнай зборнай Паўночнай Ірландыі, а таксама гуляў за “Манчэстэр Юнайтэд”, рыхтуецца стаць святаром. Пасля шматлікіх кантузій Малрайн пакінуў футбольную кар’еру. Працаваў валанцёрам у шматлікіх дабрачынных арганізацыях. Затым уступіў у ордэн дамініканцаў і паехаў у Рым вывучаць філасофію і тэалогію. У верасні бягучага года ён склаў вечныя абяцанні і быў пасвечаны ў дыякана. Летам наступнага года былы футбаліст атрымае святарскія пасвячэнні.
     
    Распачаў дзейнасць хрысціянскі партал misyjne.pl. Гэта платформа, на якой можна знайсці інфармацыю з грамадскага жыцця, актуальныя навіны з місійных краін, з жыцця бежанцаў і пераследуемых хрысціян. Галоўны рэдактар misyjne.pl а. Марцін Вжос OMI падкрэслівае, што партал з’яўляецца адказам на заклік папы Францішка. “Мы ўстаём са зручнай канапы і хочам евангелізаваць чарговы, восьмы кантынент, якім з’яўляецца інтэрнэт. Мы як рэдакцыя збіраемся быць місіянерамі гэтай віртуальнай, яле важнай прасторы”, – адзначае рэдактар.
   
    У Іспаніі выпусцілі дадатак для смартфонаў “Confesor Go”. З яго дапамогай можна знайсці “бліжэйшага” спаведніка. Ксёндз – удзельнік праграмы – інфармуе аб сваёй гатоўнасці прыняць чалавека да споведзі і месцы, дзе ён знаходзіцца. Гэта неабавязкова святыня, але і, напрыклад, парк. Выбраўшы святара, карыстальнік атрымлівае інфармацыю, як лепш дабрацца да месца споведзі і колькі часу трэба на дарогу. Мабільны дадатак з’яўляецца своеасаблівым адказам на вядомую гульню “Pokemon Go”.

pch24.pl; niedziela.pl; credo-ua.org