Варта ведаць (68)

Варта ведаць

•  У лютым адбыліся чарговыя сустрэчы Рады кардыналаў, якая працуе над рэформай Рымскай курыі. Іерархі дыскутавалі над “здаровай дэцэнтралізацыяй” і зацвердзілі праект стварэння двух новых дыкастэрый: Кангрэгацыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, а таксама Кангрэгацыі па справах справядлівасці, міру і міграцыі. Першая структура павінна паглынуць Папскую раду па справах свецкіх, Раду па справах сям’і і Папскую акадэмію жыцця. Другая – Папскую раду “Iustitia et Pax”, Раду “Cor Unum” і Раду па справах душпастарства службы аховы здароўя. Цяпер канчатковае рашэнне адносна гэтай справы прымае папа Францішак. 

    Тры гады працягнецца рамонт базілікі Нараджэння ў Бэтлееме, якая была пабудавана ў IV стагоддзі імператрыцай Аленай над месцам нараджэння Езуса Хрыста. Гэта найбуйнейшая рэстаўрацыя старажытнай святыні за апошнія 600 гадоў. Каманда, якая складаецца з палестынцаў і міжнародных экспертаў, здымае накоплены за многія стагоддзі пыл, рамантуе вокны і дах касцёла, раскрываючы ўсё хараство твораў мастацтва, датаваных часамі крыжовых паходаў. “Упершыню можна ўбачыць сапраўды выдатныя і прыгожыя мазаікі, якіх няма больш нідзе ў свеце”, – кажа Зіяд аль-Бандак, кіраўнік палестынскага камітэта, які займаецца рэстаўрацыяй базілікі.
   
    Сястра Ганна Сусберг, што напісала бестсэлер з выкладання катэхізіса, памерла месяц таму ва ўзросце 111 гадоў. Нарадзілася ў багатай сям’і ў Бельгіі. У 25-гадовым узросце ўступіла ў Таварыства памочнікаў святых душ – манаскі ордэн, прысвечаны дапамозе бедным слаям насельніцтва. У 1965 годзе апублікавала гід-катэхізіс “Прамаўляйце да маіх людзей”. Ва ўзросце 94 гадоў паступіла ў Кінгсвейскі каледж мастацтва. Уваходзіла ў пяцёрку самых пажылых людзей Вялікабрытаніі.
     
    12-гадовы хлопец патэлефанаваў у аддзяленне паліцыі ў Ольштыне і папрасіў дапамогі, бо дома адбыліся сямейныя непаразуменні. “Калі тэлефануе непаўнагадовы, трэба хутка рэагаваць, бо гаворка ідзе пра дабрабыт дзіцяці”, – кажа маёр Кшыштаф Бісёр. На месцы высветлілася: прычына звароту ў тым, што бацькі забаранілі хлопцу карыстацца камп’ютарам, бо ён дрэнна паводзіў сябе ў школе. Паліцэйскія паведамілі бацькам, што падрыхтуюць дакумент, які апісвае дадзенае здарэнне, і перададуць яго ў сямейны суд. Так выглядае працэдура, якая не прымае рашэння аб чыёйсьці віне. Суд павінен разабрацца ў апісанай сітуацыі і прыняць адпаведнае рашэнне.
   
   •   Падкамісія па справах літургічнай музыкі пры епіскапаце РКК Украіны падчас Вялікага посту адкрыла новы інтэрнэт-рэсурс cantices-rkc.org.ua. Віртуальная старонка прысвечана спеву, які выкарыстоўваецца падчас Імшаў і набажэнстваў. На сайце змяшчаюцца словы і ноты. Большасць песень прадстаўлена ў выглядзе аднаго слупка і прыпева. Кожны жадаючы мае магчымасць прапанаваць свае тэксты і відэа. “Разам з Вамі мы зможам расці”, – каментуюць праект стваральнікі сайта.

credo-ua.org; gosc.pl; pch24.pl