Варта ведаць (58)

Варта ведаць

 

•  8 кастрычніка стала вядома імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год. На вялікую радасць і гонар для нашага народа, гэта імя беларускі Святланы Алексіевіч. Знаходзячыся ў Рыме на Сiнодзе Бiскупаў на тэму “Паклiканне i мiсiя сям’i ў Касцёле i сучасным свеце”, свае віншаванні пісьменніцы даслаў старшыня Канферэнцыi Каталiцкіх Бiскупаў у Беларусi Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч. “Упэўнены, што такая высокая мiжнародная ўзнагарода стане для Вас новым натхненнем у далейшай творчай дзейнасцi, дапаможа ў выхаваннi новых пакаленняў лiтаратараў-гуманiстаў i заахвоцiць нашых суайчыннiкаў iмкнуцца да новых вышыняў у галiнах навукi, тэхналогii, культуры, мастацтва, лiтаратуры i iншых сферах дзейнасцi чалавека”, – зазначыў у лісце да першага беларускага лаўрэата Нобеля кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч.  

    Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выкарыстаў сваё права вета адносна законапраекта пра “гендарную адпаведнасць”. Палітык дзейнічаў у адпаведнасці з навуковай праўдай і вучэннем Касцёла. Законапраект дазваляў асобам, якія зрабілі гэтак званую “аперацыю па змене полу”, атрымліваць новыя пасведчанні аб нараджэнні і іншыя дакументы з новым пазначэннем полу. Прэзідэнцкае вета вызваліла Польшчу ад прыняцця закону, які супярэчыць навуцы, этыцы і здароваму сэнсу.
   
   •  У канцы лістапада свет убачыць музычны альбом “Wake Up” (“Прачынайся!”) з запісамі Папы Францішка. Альбом змяшчае фрагменты з прамоў і малітваў Пантыфіка, якія суправаджаюцца фонавай музыкай розных стыляў: ад грыгарыянскіх харалаў да сучаснага року. Зборнік змяшчае 11 кампазіцый. Створаны дзякуючы супрацоўніцтву Апостальскай Сталіцы і кампаніі “Believe Digital”. Айцец Джуліо Неронэ, прадзюсар гэтага альбома, ужо запісваў падобныя праекты з удзелам святога Яна Паўла ІІ і Бенедыкта ХVI. Па словах айца Неронэ, ён спрабаваў зрабіць усё, каб гэты дыск адлюстроўваў “моцную асобу папы Францішка і яго пастаральны падыход дыялогу, адчыненых дзвярэй і гасціннасці”. Кампазіцыі Папы хутка можна будзе пачуць на англійскай, іспанскай і партугальскай мовах.
     
    Разам з распачаццем Года міласэрнасці распачнецца новы праект: “Рэкалекцыі для свету”, рэалізаваны з санктуарыя ў Лагеўніках кракаўскім арганізацыйным камітэтам СДМ. Кожны месяц, пачынаючы са снежня, у мясцовым санктуарыі Божай Міласэрнасці будуць арганізоўвацца евангелізацыйныя сустрэчы, якія будуць заключацца ў набліжэнні ідэі міласэрнасці. Яны будуць трансліравацца ў інтэрнэце і перакладацца на ўсе афіцыйныя мовы Сусветных дзён моладзі. Усе маладыя людзі, якія па ўсім свеце рыхтуюцца да прыезду ў Кракаў, змогуць імі карыстацца і распаўсюджваць іх у сваіх асяроддзях. “Мы будзем запрашаць самых вядомых рэкалекцыяністаў не толькі з Польшчы, але і з усяго свету”, – растлумачыў падчас пасяджэння 370-й пленарнай сесіі КЕП у Варшаве біскуп Даміян Мускус, які кіруе працамі арганізацыйнага камітэту Сусветных дзён моладзі “Кракаў-2016”. Ён дадаў, што дакладная праграма і прозвішчы рэкалекцыяністаў будуць абвешчаны ў хуткім часе.

credo-ua.org; catholic.by; ekai.pl