Варта ведаць (54)

Варта ведаць

 Колькасць наведвальнікаў павільёна Апостальскай Сталіцы на сусветнай выставе “EXPO 2015” перавысіла 600 тысяч чалавек. Штодня гасцямі ватыканскай экспазіцыі становяцца каля 10-11 тысяч чалавек. Тэма сёлетняй выставы – “Накарміць планету. Энергія для жыцця”. Экспазіцыя Апостальскай Сталіцы раскрывае чатыры галоўныя тэмы: экалогіі, салідарнасці ў эканоміцы, выхавання, а таксама хлеба як прадукту, што робіць бачнай прысутнасць Бога ў свеце. Наведвальнікаў выставы цікавяць інтэрактыўны стол, фатаграфіі і відэаматэрыялы на тэму стварэння. “EXPO 2015” праходзіць у Мілане з 1 мая па 31 кастрычніка.
   
    Папа Рымскі Францішак атрымаў узнагароду “Абаліцыяніст года” за ўклад у справу адмены смяротнага пакарання. У прадстаўніцтве арганізацыі “Hands Off Cain”, якая заснавала гэтую ўзнагароду, адзначылі, што дзейнасць Пантыфіка пачалася з адмены пажыццёвага тэрміну зняволення і ўключэння ў крымінальнае заканадаўства Ватыкана пакарання за катаванні. Гэта гаворыць аб тым, што Папа не толькі супраць смяротнага пакарання, але і супраць пажыццёвага пазбаўлення волі. Узнагарода – гэта бронзавая статуэтка працы Масіма Ліберці. Фігурка ўяўляе сабой планету, на якой сядзяць дзеці, імкнучыся ўзляцець у нябёсы.

   •  У Варшаве адбылося навучанне першай групы святароў, якія пакліканы для аказання дапамогі ахвярам сексуальнай эксплуатацыі, іх сем’ям і касцёльным супольнасцям. Сярод 14-ці ўдзельнікаў 4 з Беларусі. Святары праслухалі лекцыі на тэму метадаў дзейнасці віноўнікаў злоўжыванняў, а таксама душ-пастарскіх вынікаў для парафіі ці асяроддзя, у якім гэтыя падзеі адбыліся. Праграма навучання ўключала і практычныя заняткі. Удзельнікі семінараў сустрэліся з ахвярамі сексуальнай эксплуатацыі, мелі магчымасць іх выслухаць і паразмаўляць асабіста. Акрамя ўсяго, было закранута пытанне аб парафіяльнай супольнасці як ахвяры ў дадзенай сітуацыі. Арганізатарам трэнінгу выступіў Цэнтр па абароне дзяцей, які працуе пры ігнацыянскай акадэміі ў Кракаве.
     
    Другі год запар манахі з місіянерскага францысканскага цэнтра Братоў Меншых канвентуальных выходзяць на берагі Тыбра, каб сустрэцца з жыхарамі і гасцямі Рыма. На працягу трох летніх месяцаў манахі штодня размаўляюць з людзьмі, выслухоўваюць іх праблемы. Місіянеры раздаюць буклеты з інфармацыяй аб Ордэне і прапануюць жадаючым адправіць паштоўку самаму Святому Айцу.
     
     У ЗША з 15 жніўня па 7 кастрычніка пройдзе акцыя пад назвай “54 дні малітвы аб шлюбе і сям’і”. Ініцыятарам супольнай малітвы выступіла Апостальства святога Ружанца для евангелізацыі на чале з духоўным настаўнікам арцыбіскупам Мілуокі монс. Джэромам Лістэцкі. У пасланні, накіраваным да ўсіх біскупаў ЗША, монс. Лістэцкі падкрэслівае, што “перад тварам духоўнага крызісу сучаснай культуры мы ўсе маем патрэбу ў заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі”. Малітоўная акцыя запланавана напярэдадні Сусветнай сустрэчай сем’яў, якая адбудзецца ў Філадэльфіі з 22 па 27 верасня, і Генеральнага Сіноду па пытаннях сям’і, які пройдзе ў Ватыкане з 4 па 25 кастрычніка гэтага года.

Ватыканскае радыё; ekai.pl; credo-ua.org; katolik.ru