Варта ведаць (53)

Варта ведаць

 Аргентынская сям’я вандруе па Амерыцы, каб дабрацца на Сусветную сустрэчу сем’яў у Філадэльфіі з удзелам папы Францішка ў верасні бягучага года. Пілігрымы вырушылі ў сакавіку з Буэнас-Айрэса, а на дадзены момант яны знаходзяцца ў Нікарагуі. Альфрэда “Кацірэ” Уокер і Ноэль Зэмборыян разам са сваімі дзецьмі падарожнічаюць аўтамабілем комбі 80-х гадоў. Дзеці ў гэты час вучацца дыстанцыйна. Гэтае шматмесячнае падарожжа дазволіць ім, як яны самі кажуць, “цешыцца сям’ёй, навучыцца падарожнічаць з невялікім багажом”, а таксама “адарвацца ад руціны”. Акрамя таго, бацькі хочуць паказаць сваім дзецям, што “свет нашмат большы, чым іх раён, што ёсць іншыя людзі” і што “калі яны нечага прагнуць, то яны могуць гэтага дасягнуць, нават калі гэта здаецца трохі шалёным”. На шляху ў Філадэльфію гэтая сям’я наведае больш за 50 мясцовасцей. Яны ўжо праехалі праз аргентынскі горад Мендоса, затым праз Чылі ўздоўж пабярэжжа Ціхага акіяна дабраліся да Перу, а адтуль паехалі праз Эквадор, Калумбію, Панаму, Костарыку і дабраліся да Нікарагуі.
   
    У Кітаі хрысціяне з правінцыі Чжэцзян распачалі акцыю хатняга вырабу крыжаў пасля таго, як улады ліквідавалі там больш за 1200 касцёльных крыжаў. На сацыяльным партале “Weibo” з’явіліся здымкі людзей, якія робяць драўляныя крыжы і фарбуюць іх у чырвоны колер. Запісы на партале заахвочваюць хрысціян вешаць крыжы ў сваіх дамах і насіць з сабой. Гэтая акцыя стала рэакцыяй на ліквідацыю крыжаў, якія знаходзяцца па-за сценамі касцёлаў, што працягваецца ўжо паўтара года.

   •  У Італіі больш за мільён еўра, які быў сабраны падчас нядаўняга выстаўлення Турынскай плашчаніцы, будзе прызначаны на дапамогу самым бедным і мігрантам. Такое рашэнне прыняў папа Францішак, калі яго паінфармавалі аб колькасці ахвяраванняў, складзеных пілігрымамі. Грошы трапяць да патрабуючых праз “Карытас” і арганізацыю “Мігранты”, а таксама праз іншыя касцёльныя таварыствы, якія дапамагаюць найбольш патрабуючым, як італьянцам, так і мігрантам.
     
    На сінодзе адной з італь-янскіх дыяцэзій было прынята рашэнне аб перадачы многіх парафій у рукі свецкіх. У дыяцэзіі Бальцана-Брэсанонэ (Паўднёвы Ціроль) няма дастатковай колькасці духоўных асоб. У дыяцэзіі пражывае 500 000 чалавек і функцыянуе 281 парафія. Паводле прагнозаў, праз 20 гадоў там будзе служыць 70 ксяндзоў. Сінод тлумачыць, што падобныя рашэнні абавязковыя з-за вялізных праблем, з якімі змагаецца дыяцэзія. І хоць агульнае касцёльнае права толькі ў выключных выпадках дазваляе, каб парафіяй кіравала свецкая асоба, бязвыхаднасць прымушае дыяцэзію прыняць такое рашэнне.
     
     На першай старонцы апошняга жнівеньскага нумара “National Geographic” можна будзе ўбачыць Папу, які стаіць перад “Апошнім Судом Міхала Арханёла” ў Сіксцінскай капліцы. І менавіта пра Францішка будзе ўступны артыкул гэтага часопіса, прысвечанага геаграфіі, гісторыі і прыродзе. Будзе апублікавана таксама кніга аўтара згаданага артыкула, Роберта Драпера, пад назвай “Папа Францішак і новы Ватыкан”. Ён правёў у Рыме 6 месяцаў і сачыў за дзейнасцю Святога Айца.

Ватыканскае радыё; pch24.pl; niedziela.pl; gosc.pl; katolik.ru