Варта ведаць (45)

Варта ведаць

•  У Паўднёвай Карэі кожны год у сярэднім каля 100 тысяч дарослых прымаюць хрост у каталіцкім Касцёле, што ў адносінах да колькасці вернікаў ставіць гэтую краіну на першае месца ў свеце. Аб дынамічным развіцці хрысціянства ў Паўднёвай Карэі сведчыць факт, што калі ў 1960 г. гэтую рэлігію вызнавала толькі 2% яе жыхароў, то на сённяшні дзень католікам сябе лічыць кожны трэці грамадзянін. Сярод 48-мільённага насельніцтва гэтай краіны католікаў сёння 5,3 мільёны, ці звыш 10%. Колькасць святароў у той жа час павялічылася з 250 да больш за 5 тысяч. У адносінах да колькасці сваіх членаў, паўднёвакарэйскі Касцёл мае больш за ўсё катэхуменаў.
   
    Хрысціяне ў Чэхіі дадуць прытулак хрысціянскім сем’ям з Сірыі і Ірака. На заклік пад дэвізам: “Брат – гэта больш чым бліжні”, адказала ўжо больш за 1500 сямей, асобных людзей, а таксама цэлых парафій ці збораў, якія выказалі гатоўнасць аказаць дапамогу выгнаным хрысціянскім сем’ям з малымі дзецьмі. Узнік таксама фонд “Generace 21”, які збірае сродкі для бежанцаў, што прыбудуць у Чэхію. Вырашана, што спачатку Чэхія ўдзеліць прытулак 15 сем’ям, але калі гэтая ініцыятыва апраўдае сябе, можна будзе прыняць чарговых праследуемых хрысціян з Блізкага Усходу.

    Хрысціянскія бежанцы з Ірака напісалі Папе хвалюючы ліст. У ім яны падкрэсліваюць, што лепш будуць выгнаннікамі на чужыне, чым адракуцца ад веры ў Хрыста. Ліст Папе перадаў кс. Рыфат Бадэр з Іярданіі. На тэрыторыі яго парафіі ў Науры знайшлі прытулак праследуемыя хрысціяне. Як сказаў сам святар, ён атрымаў ад гэтых людзей урок веры.
   
    Сталая рада епіскапата Іспаніі падае, што ў 70-ці дыяцэзіях Іспаніі працуе 19 тысяч святароў. Аднак іх сярэдні ўзрост дастаткова высокі – каля 65 гадоў. Самыя “маладыя” дыяцэзіі – гэта Алькала-дэ-Энарэс (52,25), Хетафэ (53,48) і Таледа (53,37). У 18-ці дыяцэзіях сярэдні ўзрост святараў не перавышае 60 гадоў. А ў 11-ці складае больш за 70 – гэта на дзве дыяцэзіі больш, чым у мінулым годзе. Горш за ўсё ў баскскай дыяцэзіі Сан-Себасцьян, дзе сярэдні ўзрост святароў складае больш за 74 гады (74,4). Складаная сітуацыя пануе таксама ў каталонскіх дыяцэзіях.

stacja7.pl; katolik.ru; Ватыканскае радыё; credo-ua.org.