Варта ведаць (36)

Варта ведаць

 У Аргенціне ў горадзе Алаварыя ноччу з 31 кастрычніка на 1 лістапада (час Хэлоўіна) быў прафанаваны касцёл Маці Божай Фацімскай. Віноўнікі знішчылі канфесіяналы, абразы, літургічнае абсталяванне, вітражы і нават кветкі. Акрамя гэтага, яны пакінулі ў касцёле сляды крыві і адбіткі пальцаў. Узломшчыкі хацелі падпаліць алтар, але агонь удалося патушыць.
   
    У Турцыі з часу, калі гэтую краіну наведаў папа Бенедыкт XVI (8 гадоў таму), узрасла колькасць католікаў. Было створана таксама 7 новых парафій. У 2006 г. у краіне было 32 тысячы католікаў і 68 святароў. На сённяшні дзень 53 тысячы жыхароў краіны – католікі, сярод якіх 58 святароў, якія працуюць у 54-х парафіях. Варта таксама прыгадаць, што на канец лістапада запланаваны візіт Папы ў Турцыю.

    На Кубе ўпершыню з 1959 г. дазволілі пабудаваць каталіцкую святыню. Эксперты сцвярджаюць, што гэта з’яўляецца пацвярджэннем паляпшэння адносін паміж Ватыканам і Кубай. Каталіцкі Касцёл меў не вельмі добрыя адносіны з камуністычным кіраўніцтвам Кубы з 1959 г. Адносіны трохі змяніліся пасля 1998 г., калі Кубу наведаў папа Ян Павел II.
   
     У Іспаніі з 31 кастрычніка на 1 лістапада ў многіх парафіях былі арганізаваны малітоўныя чуванні, мэтай якіх было ўсвядоміць вернікам, што ўрачыстасць Усіх Святых – гэта не Хэлоўін. Для малодшых вернікаў быў арганізаваны г.зв. “Holy Wins” – “Святы перамагае”. У межах гэтых акцый праходзілі катэхезы, дзе гаварылася пра неба, у якім жывуць сябры Езуса. Дзеці маглі пераапрануцца ў святога, які ім больш за ўсё падабаецца. Адзін з арганізатараў Карлас Картэз сказаў, што мэта ўсёй акцыі – паказаць, чым з’яўляецца святасць і запрашэнне ў неба.
   
    Брытанская сетка атэляў “Travelodge” прыбрала з нумароў экзэмпляры Бібліі, што знаходзіліся там. Такое рашэнне кіраўніцтва растлумачвае жаданнем “не дыскрымінаваць ніякую рэлігію”. Да гэтага часу госці маглі знайсці Святое Пісанне ў шуфлядзе каля ложка ў нумары атэля. Некаторыя лічаць, што гэта можна растлумачыць тым, што з 2006 г. уласнікам сеткі атэляў з’яўляецца фірма “Dubai International Capital” з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.  
   
    У Мексіцы небяспечна быць ксяндзом. Ніадна краіна гэтага рэгіёна не мае такой статыстыкі, як Мексіка. За апошнія 24 гады там забілі 38 чалавек, якія належалі да Касцёла, сярод іх 1 кардынал, 28 ксяндзоў і 1 дыякан.

Ватыканскае радыё; pch24.pl; katolik.ru; credo-ua.org;