Паўсюдны Касцёл (23)

Варта ведаць


   † Венгрыя. З нагоды Эўхарыстычнага кангрэса ў Будапешце адбылася сустрэча іерархаў каталіцкіх супольнасцей візантыйскага абраду ў Еўропе. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі 20-ці Цэркваў “sui iuris”. Спецыяльны госць на сустрэчы – Юсеф Абсі, Патрыярх Мельхіцкай Царквы ў Сірыі. Прадстаўнікі ўсходніх Цэркваў прынеслі сведчанні сучасных пакутнікаў на Міжнародны эўхарыстычны кангрэс.

    † Польшча. Касцёл Перамянення Пана ў Зузэлі – мясцовасці, дзе нарадзіўся бл. кардынал Стэфан Вышынскі – быў абвешчаны дыяцэзіяльным санктуарыем. Парафія ў Зузэлі была заснавана 10 ліпеня 1448 года тагачасным біскупам Плоцкім Паўлам Гіжыцкім, а надзелена настаяцелем кляштара Звычайных Латэранскіх Канонікаў з Чэрвінска а. Рафалам. Першым храмам у гэтай мясцовасці быў драўляны касцёл св. Мікалая. Рашэнне аб будаўніцтве мураванага касцёла было прынята ў пачатку ХХ стагоддзя. Яго завяршылі ў 1913 годзе. 29 жніўня 1913 года святыню кансэкраваў біскуп Плоцкі Антоні Нававейскі. Падчас вайны касцёл быў значна пашкоджаны. Яго аднавілі ў 1957–1967 гадах дзякуючы намаганням зузэльскіх пробашчаў кс. Чэслава Рашкоўскага і кс. Яна Добэка.
   
   † Славакія. Палявы алтар, пры якім папа Францішак цэлебраваў апошнюю св. Імшу на славацкай зямлі, быў пабудаваны з перапрацаваных матэрыялаў. Драўляныя элементы канструкцыі былі зроблены так, каб іх можна было выкарыстоўваць паўторна. Цэнтральны элемент – алтарная менса, але позірк таксама скіраваны на драўлянае распяцце, размешчанае ў галоўнай частцы прэзбітэрыя. Драўніна для яго вытворчасці паходзіць з касцёла, пашкоджанага падчас буры. Іншым ключавым элементам канструкцыі, выстаўленым падчас папскай літургіі, з’яўляецца статуя Маці Божай Балеснай.
   
   † Расія. У Санкт-Пецярбургу прайшлі першыя рэкалекцыі для ацалення ад псіхалагічнай і духоўнай траўмы, нанесенай абортам. Служыцелі рэкалекцый з’ехаліся ў Пецярбург з Масквы, Обнінска, Уладзівастока і Магілёва. Пастырскую апеку ад пачатку да канца рэкалекцый узяў на сябе кс. Рафал Ценжскоўскі, дамініканец. Фасілітатарам духоўных практыкаванняў выступіла маці Марыя Стэла Віціер, генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Сясцёр Кананічак у Пане Езусе і інструктар па правядзенні рэкалекцый “Вінаграднік Рахілі”.