У чым мая вера? (1)

Хрысціянская думка

wiaraНазываючы сябе веруючымі людзьмі, мы пэўную частку свайго жыцця аддаём, так бы мовіць, духоўным справам. Рэгулярна ўдзельнічаем у літургіі, рэкалекцыях, пілігрымках, падаём бедным і штодзённа молімся. Гэта такая ж частка быцця, як і праца, стасункі з сябрамі ці адпачынак. Аднак усё гэта будзе праявай, хутчэй, нашай рэлігіёзнасці. Вера ж раствараецца ў чалавеку цалкам і праяўляецца ў кожнай яго думцы, у кожным слове і ўчынку. Вера не можа быць часткай жыцця, а павінна прадвызначаць яго кірунак.
Кс. Аляксандр Лебядзевіч, парафія святых апосталаў Пятра і Паўла:
    Складана ў некалькіх словах акрэсліць, чым з’яўляецца для мяне вера. Перадусім, вера – гэта свядомасць таго, што жыццё ўсяго чалавецтва і маё залежыць ад Бога. Вера – гэта не толькі прызнанне Бога сваім розумам і не толькі давер Яму сваім сэрцам, але гэта яшчэ адданасць, вернасць і наследаванне Яго сваёй воляй. Вера – гэта таксама дзеянне, акт, у якім я кожную раніцу адкрываю сваё сэрца Богу і запрашаю Яго. Цяжка сабе ўявіць, чым было б маё жыццё без веры, бо яна напаўняе сэнсам маё жыццё. Вера дазваляе глядзець вачыма Бога на ўсё, што здараецца навокал. Менавіта такая вера становіцца фундаментам і асновай для ўсіх каштоўнасцей у жыцці кожнага верніка.
 
   А. Андрэй Крот, душпастар грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне:
    Апостал піша: “Вера – гэта зарука чаканага і пэўнасць у рэчах, якія не бачым” (Габ 11, 1). Дык вось, для мяне вера – гэта пэўнасць. Пэўнасць у тым, што словы Святога Пісання – пра Бога, Яго любоў, Ахвяру, уваскрасенне – гэта праўда. Навучанне Царквы дае майму розуму доказы таго, што гэтая праўда не іррацыянальная, а жыццё даказвае, што нельга быць шчаслівым, калі не ідзеш за Божым словам. Я б нават сказаў, што вера – гэта мой стыль жыцця.

    Алесь Пагарэлы, гісторык:
    Чым для мяне з’яўляецца вера?.. Не буду хавацца за вывучанымі фразамі і скажу, што ўжо некалькі разоў, калі ў мінулым мне задавалі такое пытанне, яно мяне бянтэжыла, ставіла ў тупік. Калі абапірацца на мой уласны досвед, то скажу, што я спасцігаў Бога стала вандруючы, сустракаючы розных людзей. Я зразумеў, што Бог дзейнічае менавіта праз іх. У мяне столькі перажыванняў, звязаных менавіта з такім спасціжэннем веры! У велічнасці і разнастайнасці таго, што я бачыў, я вучыўся ўзмацняцца ў сваёй веры. Ці зменіцца маё адчуванне веры ў будучыні? Найверагодней за ўсё, так, і я сам чакаю, каб перажыць гэта, каб мне адкрыўся яшчэ адзін бок таго хараства, мудрасці і велічы, якімі нас адорвае Бог.

    Віталь Вановіч, праграміст:
    Вера для мяне – гэта неад’емны матыў для жыцця. Вера суправаджае мяне ў сённяшняй рэчаіснасці і надае рысы будучыні. Вера дазваляе мне пазбавіцца сумненняў і становіцца асновай маіх дзеянняў. Сапраўдная вера ніколі не будзе ўступаць у дысананс з тым, што нараджаецца ўнутры цябе. Калі існуюць канфлікты, значыць, ты яшчэ на шляху да сябе і сваёй веры. Яна жыве ў кожным з нас, можа, у кагосьці яшчэ спіць, а хтосьці яе наўмысна пазбягае, не ведаючы, што бяжыць ад самога сябе.

    Валярына Кустава, паэтка:
    Ведаеце, я адкажу словамі сябе дзесяцігадовай: “Аднойчы, калі я была малая-малая, гадкі тры мне было, я ляжала ў ложку ноччу і падумала: а можа, Бога няма на свеце? Але аказалася, што Ён ёсць. Ён мне ў душу нібы паклаў руку – і я адчула: Бог ёсць. І Ён даў мне гэтае адчуванне, гэтае ўменне – вершы пісаць...” Такім мой адказ быў і ў 6, і ў 8, і ў 10 гадоў, калі людзі пыталіся пра маю веру. Такім няхай ён будзе і цяпер.

    Марына Седзянеўская, гадуе двух дзяцей:
    Вера – гэта не толькі перакананне ў існаванні Бога, але таксама жыццё ў словах і ўчынках паслухмянае Богу. Вера дапамагае рухацца ў правільным кірунку, імкнуцца да пазнання ісціны, трапіць у Божае Валадарства. Можна правесці такую паралель. Калі чалавек трапляе за борт у акіян, толькі вера дапамагае яму ўратавацца. Бо ніхто ж не абяцаў чалавеку скочыць за ім у акіян або што ён даплыве да берага. Толькі вера дае сілы змагацца супраць моцы акіяна. Ні ў якіх жыццёвых абставінах не трэба губляць веру ў Бога, давер да Яго. Нам не дадзена зразумець усю мудрасць Бога, але калі мы будзем мець глыбокую веру, з цягам часу нам можа шмат што адкрыцца.