Адчуць смак слоў “дзякуй” і “прабач”

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра сямейныя абавязкі, звёны жыццёвага ланцужка і нагоды для падзякі і прабачэння. Задумаемся, што пакласці на сямейны алтар і як палепшыць надвор’е ў доме.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Аднак у Пану няма ні жанчыны без мужчыны, ні мужчыны без жанчыны” (1 Кар 11, 11)
   Першапачаткова жанчына была створана ад мужчыны, але зараз мужчына не народзіцца без жанчыны. Бог паклікаў сужэнцаў узаемна дапаўняць адзін аднаго і разам праслаўляць Яго. Усё створанае ад Бога і для Яго.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб сем’і, якія апынуліся ў цяжкім становішчы, атрымалі неабходную падтрымку, а дзеці маглі расці ў здаровым і спакойным асяроддзі
   Папа Францішак заклікае католікаў усяго свету прысвяціць свае малітвы за сем’і, якія перажываюць цяжкасці. Сучаснасць жорстка выпрабоўвае сужэнскія саюзы, што не можа не адбіцца на псіхіцы дзяцей. Таму з запалам памолімся аб спрыяльным клімаце ў сем’ях.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    сям’я
   Ніхто з нас не прыйшоў з неадкуль, а з’яўляецца звяном ланцужка пад назвай “сям’я”. Спярша мы вырастаем у сем’ях, дзе нас выхоўваюць бацькі, а потым самі становімся бацькамі і выхоўваем ужо сваіх дзяцей. Кожны нясе аднолькавую адказнасць за суседнія звёны гэтага ланцужка: за тых, хто даў жыццё нам, і за тых, каму далі жыццё мы. Час паразважаць над сваімі абавязкамі ў адносінах да самых дарагіх людзей і задаць сабе важнае пытанне: а ці ўсё я раблю, што магу і павінен?
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    адчуць смак слоў “дзякуй” і “прабач”
   Словы “дзякуй” і “прабач”, як правіла, прысутнічаюць на малітве. Роўным чынам яны павінны кранаць душы людзей. Пачаць трэба з родных, пашыраючы арэол сваёй спагадлівасці на знаёмых і незнаёмых.
  Нагода, каб за нешта падзякаваць ці папрасіць прабачэння, ёсць заўсёды. Пытанне заключаецца ў тым, наколькі адчувальнае наша сэрца, ці гатовыя мы да ўдзячных і сумленных водгукаў.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    больш часу правесці з сям’ёй
   Сённяшні рытм жыцця незаўважна паглынае чалавека ў віхуры спраў. І, здаецца, ім няма канца. Церпяць члены сям’і, якія патрабуюць увагі і клопату. Пастараемся ж знайсці час, каб ахвяраваць яго на сямейны алтар. Бо час – гэта найкаштоўнейшае, што чалавек можа даць другому: яго нельга вярнуць, ён не вяртаецца. Дзякуючы сумеснаму баўленню часу, людзі адчуваюць сябе патрэбнымі, за спіной вырастаюць крылы, якія прыўздымаюць над зямлёй. Менавіта сям’я з’яўляецца той крыніцай аднаўлення, з якой належыць чэрпаць сілы.

  КНІГА МЕСЯЦА:
  Хрысціянскае выхаванне”, а. Казімір Енджэйчак ОМІ
   Кніга будзе карысная людзям розных узростаў. Аўтар аналізуе рэлігіёзна-псіхічнае развіццё чалавека па перыядах: прэнатальны, дашкольны, дзіцячы, малодшы школьны, сярэдні школьны, старэйшы школьны, маладосць, ранняя даросласць, сярэдняя даросласць, позняя даросласць або старасць. У кнізе таксама разглядаецца выхаваўчая дактрына каталіцкага Касцёла і такія паняцці як “хрысціянская маральнасць”, “хрысціянскі персаналізм”, “хрысціянскі гуманізм”, “хрыстацэнтрызм”.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Сям’я” Вікторыя Віту
   Выканаўца пачынае песню са слоў, што Бог стварыў свет цудоўным, але яго сказіў грэх. Аднак Усявышні настолькі палюбіў сваё стварэнне, што спаслаў на зямлю свайго Сына, “каб у гэтым жыцці сям’я спазнала Айца”. У песні гучыць просьба аб бласлаўленні сужэнства, захаванні яго ад усялякай спакусы і зведанні ім вечнага шчасця.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

    святая Луіза
   Луіза дэ Марыяк нарадзілася 12 жніўня 1591 года ў сям’і знатнага чыноўніка французскага парламента. Дзяцінства і маладосць правяла ў шматлікіх манаскіх інтэрнатах. Слабое здароўе стала перашкодай уступлення ў ордэн. Па парадзе родных выйшла замуж за Антуана Ле Гра, сакратара каралевы Ганны Медычы. Шлюб не прынёс Луізе шчасця, паколькі муж быў нарвовым і жорсткім. Акрамя таго, з-за сваёй хваробы ён страціў пасаду. У 1652 годзе Луіза стала ўдавой, апекавалася адным сынам. Божы Провід сутыкнуў яе з Вінцэнтам дэ Полем, пад кіраўніцтвам якога яна прысвяціла сябе працы ў інстытутах міласэрнасці, якія ён засноўваў. Спачатку жанчына была візітатаркай многіх дамоў апекі, а потым стала настаяцельніцай Дачок Міласэрнасці, з якіх паўстала Кангрэгацыя Сясцёр Міласэрнасці (шарыткі). Праца сярод хворых і ўбогіх стала мэтай яе ахвярнага жыцця.
    Памерла 15 сакавіка 1660 года. Яе рэліквіі захоўваюцца ў капліцы манаскага дома ў Парыжы. Беатыфікаваў Луізу папа Бенедыкт XV у 1920 годзе, а кананізаваў папа Пій ХІ у 1934 годзе. У 1950 годзе папа Ян ХХІІІ абвясціў святую заступніцай службы аховы здароўя. Дзень памяці ў каталіцкім Касцёле – 15 сакавіка.
   
На скрыжаванні. Маё бачанне
   “Скрыжаванне – гэта мноства дарог і развязак са знакамі і светлафорамі. Крочачы па гэтах шляхах, мы прымаем шматлікія рашэнні. А знакі і светлафоры на гэтых дарогах з’яўляюцца падказкамі для правільнай арыентацыі. Галоўнае – заўважыць, дзе знак указвае, дзе – папярэджвае, а дзе – забараняе”. Ева Мілн
    “Кожны дзень чалавек стаіць на скрыжаванні, перад выбарам: па якой дарозе пайсці – па дарозе дабра або зла? Але як бы мы не перайшлі гэтае скрыжаванне, у канцы шляху нас будзе чакаць Бог”. Юлія Алешчык
    “Вельмі цяжка стаяць на скрыжаванні, калі з аднаго боку шэпча ўнутраны голас, а з другога – уздзейнічаюць процілеглыя імпульсы. Вось тады прыходзіцца не салодка. Варта з кімсьці параіцца. Найлепшым памочнікам у вырашэнні складаных спраў з’яўляецца Бог”. Алена Богдан
   
    За разважанні на моладзевай пляцоўцы дзяўчаты атрымліваюць кубачкі з лагатыпам рубрыкі.

   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў сакавіку?
    Св. Казімір (4 сакавіка),
    св. Агнешка (6 сакавіка),
    св. Дамінік (9 сакавіка),
    св. Яўгенія (10 сакавіка),
    св. Луіза (15 сакавіка),
    св. Эдуард (18 сакавіка),
    св. Мікалай (21 сакавіка),
    св. Кацярына (24 сакавіка),
    св. Леанард (30 сакавіка)
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .