Правесці рэвізію на паліцы кампетэнцый

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сувязі з пачаткам навучальнага года прапаную паразважаць пра шырокія магчымасці, неабходнасць атрымання новых ведаў і гібкасць чалавечага розуму. З кнігі месяца даведаемся пра працэс абнаўлення, які адбываецца ў галаве, а праз песню месяца паспрабуем натхніцца на вялікія справы.
   Што ж, наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Нядобра душы без ведаў, і хто спяшаецца нагамі, спатыкаецца” (Мдр 19, 2)
   Веды ўпрыгожваюць чалавека, яны з’яўляюцца велізарнай стваральнай сілай. Людзі, якія імкнуцца шмат ведаць, як правіла, устрымліваюцца ад неабдуманых крокаў і памыляюцца радзей як у свецкім жыцці, так і ў духоўным.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб пашыраліся магчымасці адукацыі і працы для ўсіх маладых людзей
   Маладосць – гэта час пошуку свайго месца ў свеце. Іншы раз гэты пошук бывае доўгі і цярністы. Папа Францішак заклікае вернікаў памаліцца ў інтэнцыі пашырэння ў свеце магчымасцей адукацыі і працы для моладзі. Менавіта праз паляпшэнне ўмоў для самарэалізацыі маладыя людзі хутчэй знойдуць сябе і будуць прыносіць карысць грамадству і Касцёлу.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
   веды
   Кожны з нас мае за плячыма нейкі запас ведаў, які будзе выкарыстоўваць у жыцці. Хтосьці не бачыць межаў у спазнанні нечага новага, а хтосьці спыняецца на дасягнутым. Варта паразважаць, ці не адчуваем мы сябе бездапаможнымі, ці хапае кожнаму з нас ведаў, каб ісці па жыцці ўпэўнена?
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   атрымаць новыя веды
   Веды дазваляюць чалавеку адрозніць праўду ад хлусні, дапамагаюць арыентавацца ў свеце хаоса. У спалучэнні з верай веды робяць асобу мудрай. Чым больш у чалавека ведаў і ўменняў, тым больш карысці ён зможа прынесці Богу і людзям.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   правесці рэвізію на паліцы кампетэнцый
   Прыйшоў час паразважаць, якія веды выкарыстоўваюцца намі ў жыцці, а якія дагэтуль не былі запатрабаваны. Неактуальныя кампетэнцыі трэба без шкадавання адсоўваць на самыя высокія паліцы, пакідаючы пры гэтым зручнае месца для новых ведаў. Умееш рабіць фокусы? Прамаўляць скарагаворкі? Усё ж такі карысней было б навучыцца гатаваць або плаваць. Ідэальна – выкарыстоўваць свае ўменні на славу Бога. Такім чынам, умеючы гатаваць ежу, можна працаваць валанцёрам. Здольнасць жа трымацца на вадзе можа спатрэбіцца, каб некалі выратаваць чыёсьці жыццё.

  ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
  “Падбадзёрваючая”, “Божая кароўка”
   Сапраўдны хрысціянін не маркоціцца: ён упэўнены і вясёлы, гатовы дзяліцца сваёй радасцю з іншымі. Калі камусьці з Вас не хапае запалу, раю паслухаць песню “Падбадзёрваючая”. Выканаўцы пераконваюць, што справы ідуць угору, калі давяраеш Богу. Заклікаюць падбадзёрваць сябе з ранку і штодня казаць ворагу на злосць: “я змагу!”.

 КНІГА МЕСЯЦА:

   “Творчы розум”, Ульф Экман
   З кнігі Вы даведаецеся, як распараджацца сваім розумам і што перашкаджае яго абнаўленню. “Бог хоча, каб вы мелі поспех”, – заўважае ў пачатку аўтар. Ён запэўнівае, што ў Бога для людзей добрыя планы, ёсць будучыня і надзея. Усявышні стварыў чалавека па сваім вобразе і надзяліў яго творчым розумам. Але каб умела ім карыстацца, асоба павінна прайсці працэс абнаўлення. Кніга дапаможа ахвотным у гэтай нялёгкай справе.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

   бласлаўлёная Браніслава
   Нарадзілася Браніслава каля 1200 года ў Камені-Слёнскім. Паходзіць з сям’і Адрованж. Сваячка святога Яцэка і бласлаўлёнага Чэслава.
    Дзяўчына заўсёды адрознівалася глыбокім духоўным жыццём. Ва ўзросце 16 гадоў уступіла ў жаночы манаскі ордэн нарбертанак у Кракаве.
    Бог адарыў яе дарам экстазу і бачанняў. Аднойчы Браніслава глядзела ў накірунку кляштара дамініканцаў і ўбачыла анёлаў і Маці Божую, якая вяла ў неба душу святога Яцэка. Калі яна прыйшла ў кляштар, то сустрэлася там з братамі, якія займаліся падрыхтоўкай пахавання Яцэка.
    У 1241 годзе, падчас нападу татар на Кракаў, Браніслава разам з іншымі сёстрамі хавалася ў ваколіцах Бялянаў. З таго часу мясцовасць празвалі Паненскімі скаламі. З жыццём Браніславы таксама звязаны ўзгорак Сікорнік, куды яна часта прыходзіла на малітву. Памерла там жа 29 жніўня 1259 года. Пазней на тым месцы была пабудавана невялікая капліца.
    Заступніцтву і апецы бласлаўлёнай Браніславы прыпісваюць выратаванне ад чумы раёна Звежынец у 1707 годзе. У 1839 годзе папа Рыгор XVI залічыў яе да ліку бласлаўлёных. Дзень яе памяці ў каталіцкім Касцёле – 1 верасня.
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў верасні?
   Бл. Браніслава (1 верасня),
    св. Севярын (2 верасня),
    св. Разалія (4 верасня),
    св. Рэгіна (7 верасня),
    св. Пётр (9 верасня),
    св. Яўгенія (13 верасня),
    св. Станіслаў (18 верасня),
    св. Уладзіслаў (25 верасня),
    св. Тэрэза (26 верасня),
    св. Францішак (30 верасня).
   
    Цяпер песню і кнігу месяца можна спампаваць на старонцы “Слова Жыцця” ў Facebook па адрасе facebook.com/slowo.grodnensis.by. Станем бліжэй адзін да аднаго! Усе заўвагі і пажаданні дасылайце на паштовую скрыню рэдакцыі або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .