ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Хто не любіць, той не спазнаў Бога, таму што Бог ёсць любоў” (1 Ян 4, 8). Бог – аўтар любові, прыклад любові і сама любоў. Нельга казаць аб духоўнай дасканаласці чалавека, які не ведае любові, які не адкрывае для яе сваё сэрца. А аб тым, што значыць любоў для хрысціяніна, Вы даведаецеся падчас рэфлексіі на прапанаваны ніжэй “Прадмет разважанняў месяца”.
МЭТА МЕСЯЦА: падвесці вынікі Маладосць – пара пошуку інструмента, на якім пазней зайграе музыка жыцця.
Хтосьці робіць гэта рэгулярна, хтосьці – ад часу да часу, а хтосьці ўвогуле лічыць: навошта? Дык вось навошта: аналізуючы мінулае, чалавек раскладвае ўсё па паліцах, працуе над недахопамі і ставіць перад сабою мэты. Так ён кантралюе свой вопыт і мудра распараджаецца дасягнутым.
Кожны раз мы падводзім вынікі, калі рыхтуемся да споведзі. Часта такая ідэя наведвае нас у чарговы Дзень нараджэння. А часам здараецца паразважаць пасля значных падзей альбо напярэдадні нечага новага.
Хутка распачнецца новы год, новы кругаварот жыцця. Магчыма, гэта і ілюзорнасць нечага новага – жыццё прадаўжаецца і ўсё паўтараецца зноў. Але ж усё залежыць ад саміх нас. Таму ёсць добрая нагода пазбавіцца “хвастоў”, якія цягнуцца з мінулага. Пасля чаго, несумненна, намнога прасцей і лягчэй пачаць новую справу.
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб дзеці, якія былі пакінуты або сталі ахвярамі гвалту ў любой форме, знайшлі патрэбную ім любоў і клопат Якая інтэнцыя! Услухайцеся ў кожнае слова: “дзеці... пакінутыя... ахвяры... у любой форме...”. Гэта зварот да кожнага з нас і нават пра кожнага з нас. Неаднойчы мы, дзеці Божыя, адчувалі неспакой, страту і, канешне ж, шукалі любові.
У снежні молімся аб тым, каб гэтую любоў мы напаткалі і каб нашыя сэрцы адкрыліся на хвалу Бога для іншых.
СПРАВА МЕСЯЦА: у глыбокай веры перажыць час Адвэнту Жыццё напоўнена супярэчнасцямі. Вось, напрыклад, снежань. Ён ніколі не асацыяваўся са спакоем: людзі працуюць над гадавымі справаздачамі, рыхтуюцца да экзаменаў, разлічваюцца з даўгамі і робяць яшчэ шмат чаго іншага. Іншымі словамі, знаходзяцца ў стане неспакою. І толькі падчас нядзельнай святой Імшы яны звяртаюць увагу на свечкі ў адвэнтавым вянку. У сэрца адразу стукае сумленне: а час для Бога? Так-так... А з панядзелка жыццё часта зноў зацягвае ў свой віхор і нясе далей.
Каб такога не здарылася, варта УВЕСЬ ЧАС памятаць пра чаканне Нараджэння Хрыста. Таму раю Вам занатаваць сабе гэта: на застаўцы ў камп’ютары альбо тэлефоне, мелодыяй адвэнтавай песні на будзільніку, плакатам над ложкам альбо працоўным месцам... Як рэхам адгукнецца фантазія. Імправізуйце. Справа не пройде марна, пабачыце.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: хрысціянская любоў Якая яна? Да чаго імкнецца?
На самой справе, сапраўдная хрысціянская любоў – гэта любоў ахвярная, якая імкнецца да таго, каб больш аддаць, чым узяць. Яна не патрабуе нічога ўзамен. Яна жыве ў словах і ўчынках. Заўсёды імкнецца да ўдасканалення. Не ведае межаў, не зайздросціць і не шкадуе сябе.
Варта паразважаць, ці па такіх прынцыпах мы жывём сёння ў кантэксце адносін да людзей, сябе, сусвету. Калі не, то ў нашых сэрцах існуюць пустыя нішы, якія прагнуць напоўніцца Божай любоўю. Трэба толькі моцна захацець і падмацаваць сваё жаданне шчырай малітвай. Пасля чаго абавязкова заўважацца перамены ў жыцці, бо любоў мае здольнасць вяртацца. Вяртацца “з бонусам”.
АСОБА МЕСЯЦА: святы Дамінік Сілоскі Нарадзіўся Дамінік у 1000-м годзе ў каралеўстве Навары (сёння землі паўночнай Іспаніі і паўднёвай Францыі). У юнацтве дапамагаў бацьку – пасвіў статкі. Затым вывучыўся і пайшоў у бенедыктынскі манастыр у Сан-Мільян-дэ-ла-Каголья. Ад пробашча атрымаў даручэнне: давесці да ладу дом святой Марыі дэ Кааб у Навары, які прыйшоў у заняпад. Пасля паспяховай працы Дамінік вярнуўся ў манастыр і атрымаў тытул прыора (ад лацінскага prior – першы, старэйшы). Але з гэтай пасады яго хутка зняў кароль Навары Гарсія ІІІ. Каралю не спадабалася, што Дамінік спрабаваў вярнуць манастырскія землі, прысвоеныя дзяржавай. Але такая адважнасць манаха спадабалася каралю Кастыліі Фердынанду І. І ён запрасіў Дамініка ўзначаліць манастыр Сан-Себасцьян-дэ-Сілос, які перажываў значныя фінансавыя і духоўныя цяжкасці.
Праз некаторы час манастырскія пабудовы былі адноўлены, пашырылася колькасць духоўных асоб (з шасці да сарака манахаў). Па ініцыятыве Дамініка ў Сілосе быў створаны скрыпторый, адкуль неўзабаве разышліся цудоўныя хрысціянскія кнігі.
Памёр Дамінік у 1073-м годзе. Людзі пачалі ўшаноўваць яго адразу пасля смерці. Манастыр Сан Себасцьян, які стаў адным з найвялікшых у свеце, перайменавалі ў гонар святога Дамініка.
Да 1931 года ў Іспаніі, калі каралева нараджала дзіця, мошчы Дамініка Сілоскага прыносілі ў палац і ставілі перад яе ложкам. Лічыцца заступнікам пастухоў і вязняў. Да яго звяртаюцца супраць насякомых і шалёных сабак. Успамін – 20 снежня.
Да якіх святых маліцца ў снежні? Св. Дамінік Сілоскі (20 снежня), св. Стэфан (26 снежня), св. Ян Апостал (27 снежня).
ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Cisza”, Каміль Бэднарэк Цудоўная песня для фону падчас разважанняў над жыццём. Песня так і называецца – “Цішыня”. Амаль увесь тэкст можна разабраць на цытаты. Да прыкладу некаторыя з іх: “Усё такое лёгкае і парадаксальнае”, “Згублены ў натоўпе, жадаючы знайсці сябе ў гэтым патоку, будую сваё жыццё на фундаменце любові”, “Сэрца сваім рытмам моцна мяне ўпэўнівае, што варта верыць у людзей”. Раю паслухаць. Упершыню гарантую, што Вам спадабаецца. Усім.
КНІГА МЕСЯЦА: “Пераступіць парог надзеі”, Ян Павел ІІ У далёкім 1993-м годзе спаўнялася 15 гадоў Пантыфікату Яна Паўла ІІ. Святы Айцец даў згоду на тэлеінтэрв’ю. “Гэта павінна было стаць абсалютным прэцэдэнтам у гісторыі папства, якая ў мінулых стагоддзях бачыла ўжо ўсё. Усё, але ніколі яшчэ Наступнік Пятра не сядаў перад тэлекамерамі, каб на працягу гадзіны адказваць на перакрыжаваны агонь журналісцкіх пытанняў”, – успамінае аўтар кнігі, італьянскі журналіст і пісьменнік Вітторыё Мэссоры. Але гадавіна мінула, а запланаванае мерапрыемства па пэўных абставінах праведзена не было.
Ян Павел ІІ атрымаў пытанні журналіста і праз некаторы час перадаў яму праз дырэктара прэс-бюро Апостальскай Сталіцы наступнае: “Хоць я і не меў магчымасці адказаць Вам асабіста, але я не забыў пра Вашы пытанні. Яны зацікавілі мяне і, мяркую, не павінны застацца без увагі”.
Так і сталася. Як вынік, Вы трымаеце ў руках кнігу “Пераступіць парог надзеі”, дзе можна знайсці адказы на пытанні: як моліцца Намеснік Хрыста, чаму Бог хаваецца, ці можна спадзявацца на маладых і інш. Асабістыя прызнанні Яна Паўла ІІ, рэфлексіі і духоўныя парады, містычныя медытацыі, позіркі ў мінулае і ў будучыню, тэалагічныя і філасофскія разважанні.
Кніга выдадзена ў 1997-м годзе. Перакладзена на беларускую мову Крыстынай Лялько, сённяшнім галоўным рэдактарам часопісаў “Ave Maria” і “Наша вера”.