Знайсці сваё месца ў свеце

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Чарговы раз, паважаныя Чытачы, мы сустракаемся з Вамі на старонках рубрыкі “На скрыжаванні”. Ці не нагадвае Вам лістапад каляндар, з якога адрываюцца аркушы? Восень прыпамінае нам пра хуткаплыннасць часу. Для чалавека ва ўзросце – гэта ўспаміны, думкі аб страчаных магчымасцях. Для чалавека маладога – напамін аб тым, што трэба спяшацца: чакаюць няздзейсненыя справы і жаданні.
    У гэтым нумары паразважаем аб тым, як распараджацца сваімі рэсурсамі, што такое сіта маралі і “ўважлівыя прычыны” памылак маладосці.
   Што ж, паляцелі з Богам, нібы тыя лісты...

   ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: І не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога” (Мц 6, 13).

   За нашу душу ўвесь час ідзе барацьба паміж Богам і д’яблам. Таму ў малітве “Ойча наш” мы заўсёды просім нябеснага Айца дапамагчы нам, пераадольваючы спакусы, перамагчы злога духа. Але варта таксама разумець, што спакуса – гэта выпрабаванне, праз якое, дзякуючы цярпенню, здабываюцца духоўныя плады.
   
   МЭТА МЕСЯЦА: знайсці сваё месца ў свеце

   Маладосць – пара пошуку інструмента, на якім пазней зайграе музыка жыцця.
    Пошук сябе – гэта даволі цікавы занятак. Пачынаеш слухаць сябе, адчуваць, выбіраць... Чаму так важна ведаць сваё месца? Таму што Ты наўрад будзеш асацыяваць сябе з легкадумнай асобай, якая “скача з месца на месца”, Цябе няпроста будзе прымусіць “стаць на месца” (чужое), Ты гарантуеш сабе камфорт, як мінімум у думках.
    Важна вызначыцца на самым пачатку, чым Ты хочаш займацца, каму служыць, дзе ўзнаўляць сілы. Такім чынам, Ты эканоміш вызначаны табе жыццёвы час і хутка становішся карысным сабе і грамадству.  
        
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб святары, якія перажываюць цяжкасці, адчулі суцяшэнне ў пакутах, падтрымку ў сумненнях і пацвярджэнне ў вернасці

   Святары – гэта нашы зямныя анёлы. Дзеля нас яны жывуць і працуюць. Думаю, у кожнага знойдзецца хвілінка, каб прысвяціць яе малітве за духоўнага настаўніка. Святары – гэта такія ж людзі, якія патрабуюць увагі і дапамогі, хоць просяць аб іх рэдка. А мы, дарэчы, абавязаны ім жыццём – хрысціянскім: мы ідзём поруч з імі падчас усіх сакрамантаў, бо яны з’яўляюцца пасрэднікамі Бога.
   
   СПРАВА МЕСЯЦА: паспрабаваць новае
    Ёсць такое выказванне: “слепа прытрымлівацца мэты”. Калі, як не зараз?
    Маладосць апраўдваецца цікаўнасцю і вызначэннем арыенціраў. Да канчатковага вызначэння доўгі шлях. Таму смела сабе нешта прапануй – прапускай праз сіта маралі і спрабуй, калі гэта не пярэчыць унутраным устаноўкам. Потым старасць за гэта будзе Табе ўдзячная.
   
    ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: намаганні
    Ёсць такое выказванне: “слепа прытрымлівацца мэты”. Усё жыццё чалавек можа прыкладаць нейкія намаганні, а выніка так і не дасягнуць. Узнікае пытанне: ці намаганні таго вартыя? Не спяшайцеся адказваць, бо пытанне не такое простае, як здаецца на першы погляд. Часам яны апраўданы, а часам – не, бо любыя намаганні “выцягваюць” з чалавека сілы і часта адцягваюць увагу ад чагосьці больш патрэбнага і карыснага. Тут важна адчуць гэтую тонкую мяжу і не спатыкнуцца. Часам для поспеху якой-небудзь справы намаганняў можа не ставаць, але галоўнае – бачыць мэту і ўмець разлічваць свае рэсурсы, якія дзесьці патрэбна берагчы, а дзесьці шчодра выкарыстоўваць.
     
   АСОБА МЕСЯЦА: святы Марцін Турскі

   Нарадзіўся Марцін у 316 г. у Саварыі (сёння горад Венгрыі). Амаль з дзяцінства марыў стаць манахам, але бацька настаяў на яго ваеннай кар’еры. Служыў Марцін у Галіі. З гісторыі вядома, як аднойчы зімою ён разарваў свой плашч, каб аддаць палову цалкам распранутаму чалавеку. Пазней Марціну прыснілася, што на самай справе гэта быў Хрыстос. Пасля гэтага выпадку ён прыняў хрост і прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу. Прыкладам для яго заўсёды быў Антоній Вялікі, якому належыць вядомае выказванне: “Штодня памірай, каб жыць вечна”.
    У пустыні Лігужэ Марцін заснаваў першы ў Францыі манастыр. Праз некаторы час яго абвясцілі Турскім біскупам, хоць Марцін да гэтага не імкнуўся: аддаваў перавагу больш сціпламу служэнню аздаравіцеля, які чытае малітвы над апанаванымі злым духам.
    Пасля Марцін заснаваў манастыр у Мармуцье, адкуль затым выйшла шмат біскупаў. Памёр 9 лістапада 397 г. На яго пахаванне сабралася каля дзвюх тысяч манахаў.
    Католікі ўспамінаюць святога 11 лістапада. Марцін лічыцца адным з пяці каталіцкіх заступнікаў Францыі.
    Да якіх святых узносіць асаблівую малітву аб заступніцтве ў лістападзе? Усе святыя.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Бог за нас”, Nuteki
    У песні Nuteki гучыць хвала Богу, зварот-падзяка да Усявышняга: “Ты даеш нам шанец, каб усё зразумець...”. “Большай за Тваю любоў у свеце няма любові”. Аўтар песні адчувае сябе часткай “кветніка”, які праслаўляе Бога, любіць Яго і робіць справы, праслаўляючы Яго Імя. Песня жвавая, энергічная, у стылі лёгкага року.

    КНІГА МЕСЯЦА: “Варажба, астралогія, рэінкарнацыя”, a. Яцэк Салій

    Пра гэта ўжо многа сказана, але не будзе лішнім паўтарыцца: пазіцыя Касцёла і наступствы. Некаторыя моманты, аб якіх Вы маглі не ведаць, адкрыюцца Вам пры чытанні гэтай кнігі. З анатацыі: “Што стане з хрысціянскай верай і Касцёлам у нашым грамадстве? Ці варта лічыць грахом занятак астралогіяй, варажбой, выкліканне духаў? Ці трэба верыць прадказанням? Як ставіцца да сеансаў аздараўлення? На гэтыя і іншыя пытанні, якія тычацца з’яў, захапленняў і праблем, што атрымліваюць усё большае распаўсюджванне ў наш час з прычыны адыходу ад хрысціянскай веры, адказвае каталіцкі святар, прафесар Варшаўскага каталіцкага ўніверсітэта Яцэк Салій”.

Час выкарыстаць моладзевыя рэсурсы. Гайда, Сябры!