Мэта месяца: вызначыць межы Гэта вельмі важны момант ва ўсіх аспектах жыцця. Як сябе паводзіць, кантактаваць з людзьмі. Дзе нешта дадаць, а дзе прамаўчаць... Але якім чынам вызначыць гэтую мяжу?
На карысць іншаму.
Менавіта мяжа можа стаць заслонай ад дрэннага ўчынку, менавіта яна засцерагае ад наступстваў, за якія потым сорамна. Мяжа – сябар цярплівасці. А цярплівасць выхоўвае.
Хочацца, каб Табе давяралі, раіліся з Табою? Адна з парад – будзь прыкладам, акрэслі межы і прытрымлівайся іх.
Інтэнцыя месяца: каб палітычныя справы заўсёды характарызавала сумленнасць, прыстойнасць і любоў да праўды Мы жывём у такім свеце, дзе не ўсё залежыць ад нас. Ад многага залежым мы самі. Дзесьці над намі сварацца палітыкі, “варожаць” эканамісты. Здаецца, гэты свет існуе неяк асобна ад нас, на самой справе, многія рэчы за нас вырашае ўлада.
Таму Бенедыкт ХVI вызначыў на месяц верасень менавіта такую інтэнцыю, вырашыў, што асобнай малітвы сёння патрабуюць і палітыкі.
Прадмет разважанняў месяца: абяцанні Каму, дзе, колькі, пры якіх абставінах і навошта? Галоўнае пытанне – дык усё ж такі навошта?
Большасць людзей нешта абяцае адзін аднаму з прычыны ветлівасці, спагады. І таму часта абяцанні “завісаюць у паветры”. А хтосьці будзе жыць надзеяй. Жудасна, калі сэнс жыцця кагосьці запаўняецца пустэчай. Бабуля кожны дзень пячэ дранікі з надзеяй, што прыедзе ўнук. А сябар адмаўляе ў сустрэчы, спадзеючыся, што, можа, усё ж такі сёння да яго заскочыць брат, бо абяцаў.
Асоба месяца: святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус Тэрэза Мартэн нарадзілася ў Алансоне (Францыя) у 1873 годзе. Мела набожных бацькоў і з дзяцінства выхоўвалася ў веры. У сям’і раслі яшчэ чатыры дзяўчынкі. Усе яны потым сталі манахінямі.
Калі Тэрэзе было дзевяць гадоў, яе напаткала цяжкая хвароба. Цудам яна засталася жывая. Пасля гэтага Тэрэза вырашыла, што сваё жыццё яна прысвяціць служэнню Богу.
У 14 гадоў дзяўчына пачула ў сваім сэрцы пакліканне, а ў 15 цвёрда вырашыла стаць манахіняй. Але біскуп звярнуў увагу на яе юнацкі ўзрост і не згадзіўся з жаданнем дзяўчыны пайсці ў манастыр. Тэрэза паехала ў Рым на аўдыенцыю папы Льва XIІI. Але і гэта не прынесла ніякага плёну. Пасля біскуп усё ж такі заўважыў шчырасць намаганняў дзяўчыны і даў свой дазвол.
Прайшло 7 гадоў служэння ў Лізьё (Францыя) і Тэрэза захварэла на туберкулёз. Памерла яна ва ўзросце 24-х гадоў 30 верасня 1897 года.
У апошнія гады жыцця Тэрэза пісала аўтабіяграфічную аповесць “Гісторыя адной душы”.
Беатыфікавана 29 красавіка 1923 года, кананізавана 17 мая 1925 года. У 1997 годзе Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу Настаўнікам Касцёла. Яна трэцяя жанчына, якая атрымала такі тытул.
Як паведамляе партал Сatholic.by, летам наступнага года адбудзецца перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы ў Беларусь.
Да якіх святых маліцца ў верасні?
Святы Міхаіл (29 верасня).
Справа месяца: “залатаць” дзіры 1. Спачатку сесці і задумацца, якія на сённяшні дзень існуюць прабелы. Не зрабіў, не дарабіў, не стрымаў слова...
2. Унутрана падрыхтавацца да вырашэння праблемы.
3. Знайсці рашэнне.
4. “Залатаць” дзіры.
5. Зрабіць высновы.
6. Адчуць гармонію ўнутры.
Кніга месяца: “Пакліканыя да любові”, Барбара Сайнок Кніга для нарачоных. У ёй закрануты пытанні ўзаемаадносін маладых пар да шлюбу. Як адрозніць сапраўдную любоў і не памыліцца? Адказы і прапановы. Наступны этап – заручыны. Як сябе паводзіць у статусе “жаніх” і “нявеста”. Далей – шлюб. Найбольш важныя моманты, на якія патрэбна звярнуць увагу католіку. Ці патрэбна абсыпаць маладых рысам або зернем? І шмат чаго пра іншыя сімвалічныя прыкметы.
Сямейны саюз. Цытата з кнігі: “Сям’я – гэта не мэта, гэта старт”. Парады па ўдасканаленню сямейных узаемаадносін і захаванню дару любові. Дзеці, цяжкасці, праца... Сакрэт гармоніі ў сям’і. Трошкі статыстыкі і ўражваючыя факты.
Песня месяца: “Ziemia”, ave Бясспрэчны хіт мінулага лета – трэк гурта AVE “Ziemia” на польскай мове. Ён гучаў паўсюль: у пілігрымках, мабільных тэлефонах. Моладзь з задавальненнем напявала пазітыўную песню аб тым, як хоча ўсхваляць Бога: “Буду танчыць перад Тваім тронам...” Дарэчы, рытмічнае выкананне песні нявольна прымушае рухацца ў такт мелодыі.
Калі хтосьці яшчэ не чуў песню “Ziemia” гурта AVE, раю паслухаць. Хаця б дзеля таго, каб пачуць, як сэрца шчыра давярае Пану і хоча ўсхваляць Яго імя.