Адчуць рытм у танцы жыцця!

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    Рубрыка “На скрыжаванні” вітае Вас. Сёння, паважаныя Чытачы, Вы знойдзейце на нашай старонцы майскае планаванне духоўнага развіцця чалавека. Мы засяродзім увагу на такіх пытаннях, як роля сям’і ў грамадстве, спосаб мыслення, неабыякавасць да бліжняга, а таксама пазнаёмімся з анатацыяй прапанаванай кнігі і знойдзем сэнс у творчасці нашай моладзі.
    Не забываемся, што для Бога час павінен знайсціся заўсёды. Таму, няхай хаця б адзін з пунктаў майскага планавання знойдзе сціплы прытулак і ў Вашым жыцці. Дапаможа ў гэтым выбраная мэта месяца, якая паказвае неабходнасць адчуваць рытм жыцця, рухаючыся ў віхуры клопатаў, жаданняў і думак.
    Поспехаў усім! З Богам.

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:“Па тым пазнаюць усе, што вы – Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35).

    Мы, хрысціяне, адрозніваемся ад іншых адносінамі да бліжніх. Мы неабыякавыя да іх просьбаў, учынкаў, думак. Неабыякавыя, таму што выконваем галоўную Божую запаведзь: любі Бога і бліжняга, як самога сябе. Згодна з гэтай пастановай адкрываецца шлях да святасці – галоўная мэта жыцця кожнага хрысціяніна.

   Мэта месяца: АДЧУЦЬ РЫТМ ЖЫЦЦЯ

    Гэта важна. Калі крочыш у такт жыццю, атрымліваецца ўсміхнуцца дрэннаму надвор’ю, дапамагчы бліжняму ў віры сваіх праблем. Толькі пры гэтай умове ў Цябе ўсё заўжды раскладзена па палічках, Ты бадзёры і задаволены жыццём. Ты ўсё паспяваеш і спіш колькі трэба.
    Калі няма рытму, няма і тэмпу. Тады жыццё здаецца марудным. Чалавек адчувае, што нейкія рэчы ён робіць аўтаматычна, а пэўныя з іх – нават без патрэбы.
    І хоць музыка ў сэрцы кожнага свая, рытм – гэта той галоўны элемент, дзякуючы якому інструмент Тваёй душы здольны выканаць прыгожую мелодыю. Толькі хтосьці рашуча ўступае, і ўсе заміраюць, а хтосьці нясмела выслухоўвае пажаданні іншых і выконвае мелодыю “на заказ”.
   
   Прадмет разважанняў месяца: ШЛЯХ

    Шлях жыцця, шлях думкі, шлях вырашэння праблемы...
    Існуе залежнасць ад выбранага напрамку, вызначаных прынцыпаў і арыенціраў. Адныя абіраюць марскі шлях і плывуць па плыні, другія пракладваюць сцежку ў лесе, бо там найбольш прыдатная глеба. Які варыянт даспадобы Табе? І ці задумваўся Ты, якія сляды пакінеш пасля сябе на шляху жыцця, да чаго імкнецца Твая свядомасць па шляху думкі і якімі пуцявінамі Ты крочыш да вырашэння праблемы? У маі ёсць час паразважаць над гэтымі пытаннямі.
     
Асоба месяца: Святы Каміл дэ Лелліс

    Нарадзіўся Каміл 25 мая 1550 года ў правінцыі Італіі. Яго бацька быў вайскоўцам, і хлопец заўсёды хацеў быць падобным да яго. У маладым узросце Каміл служыў у Венецыі, Іспаніі, Афрыцы. У арміі прыахвоціўся да гульні ў карты. У выніку прайграў свой набытак. У хуткім часе пасля гэтага ён пачаў будаваць манастыр. У яго ўнутраным свеце адбылося духоўнае аднаўленне, і ён уступіў у навіцыят.
    Так здарылася, што Каміл трапіў у шпіталь (аб сабе нагадвалі баявыя раны, якія ён атрымаў падчас службы ў арміі). Там Каміл заўважыў, як абыходзяцца з хворымі, і захацеў нешта змяніць. Паразважаўшы, вырашыў усё сваё жыццё прысвяціць служэнню хворым людзям. Працуючы, даслужыўся да кіраўнічага паста, што дало магчымасць унесці пэўныя змены ў працу шпіталя. Напрыклад, змяніць наёмных працаўнікоў на добраахвотнікаў. Затым Каміл дэ Лелліс прыняў сан святара. У 1584 годзе заснаваў Таварыства дапамогі хворым (у 1591 годзе яно набыло статус манаскага ордэна).
    За ўсё жыццё Каміл дэ Лелліс заснаваў 14 мясцін, дзе працавалі людзі з ордэна. Каміліянцы, як іх называлі, клапаціліся аб безнадзейна хворых людзях, каб суцешыць іх, знаходзячыся побач.
    У 1742 годзе Каміл быў беаты­фікаваны, у 1746 годзе – кананізаваны. Каталіцкі Касцёл успамінае св. Каміла 14 ліпеня.
    Да якіх Святых маліцца ў маі? Святы Станіслаў (8 мая).

   Справа месяца: ЗААХВОЦІЦЬ БЛІЖНЯГА
   Усе мы ў некаторай ступені залежым адзін ад аднаго. Людзі жывуць у соцыуме, таму кантакт, безумоўна, патрэбны. А камунікацыя – гэта адзін з элементаў зносін паміж людзьмі. Уважлівыя звярнулі ўвагу на тое, што камунікатыўныя асобы здольны ўздзейнічаць на іншага чалавека. Добра, калі яны гэта робяць з карысцю для нас жа.
    Чаму не паспрабаваць і нам? Кагосьці патрэбна ўзяць за руку, надаўшы ўпэўненасці, камусьці патрэбна адкрыць вочы на відавочнае, а нехта чакае закліку да добрай працы. Маленькі штуршок – і Ты заахвоціў бліжняга да нечага добрага, нешта яму ўзгадаў, на штосьці звярнуў яго ўвагу.
   

    Кніга месяца: “Айцец Луіджы Арыёнэ: Шлях хрысціяніна”
   “Рабіць дабро заўсёды, рабіць дабро ўсім, зла ніколі, нікому”, – такімі словамі пачынаецца кніга пра жыццё св. айца Арыёнэ, італьянскага святара. “Ён жыў бедна для таго, каб зрабіць багатымі бедных; ён жыў у пакоры для таго, каб пакінутыя і пагарджаныя зноў здабылі сваю добрую якасць; ён жыў для Бога, каб чалавецтва не адчувала холаду адзіноты і зноў адкрыла для сябе радасць братэрства”.
    Біяграфічная кніга, якая ўключае апісанне фрагментаў з самага маленства айца Арыёнэ да яго навучання, суправаджаецца фотаздымкамі з жыцця, месцаў, якія наведваў святар, людзей, з якімі быў звязаны. Кніга прасякнута духам святасці. На старонках змешчаны малітвы, вобразы Марыі, якую праслаўляў а. Луіджы Арыёнэ. Кніга напісана ў жанры кароткага летапісу жыцця Святога.

    Верш месяца: “По воле Его мы дышим”, Марыя Скерсь
   Знаёмімся з творчасцю нашай моладзі:

    По воле Его мы дышим...
    По воле Его мы уйдем...
    Он сердца голос слышит,
    Он знает как мы живем.
    Он любит нас всем своим сердцем –
    За нас на крест Сына отдал.
    Он ждет, когда сами мы дверцу
    Откроем, чтоб ласки нам дал.
    Он – Пастырь, а мы – Его овцы...
    Он – Свет, а мы – Света лучи...
    Он свыше дарует нам ловкость
    И путь освещает в ночи.
    Он все нам проступки прощает
    И ждет покаянья слезу.
    Его милосердие не тает,
    На сердце оставив следы.
    Он дарит нам Духа Святого
    И вечную радость в раю.
    Испить из Истока Живого
    Стремись еще в жизни бою.
    (верш пададзены на мове арыгінала)

    “Яго міласэрнасць бязмежная. Ён цярпліва чакае, пакуль мы адрачэмся ад штодзённасці, запросім Яго ў сваё жыццё і адкрыем дзверы свайго сэрца, а Ён сваёй кроўю ацаліць усе раны, ачысціць сэрца і напоўніць яго сваёй бязмежнай любоўю...” – піша Марыя.

Закружыцца б у вальсе жыцця! Толькі б не забыцца на рытм: 1,2,3… 1,2,3…
Тады ўсё абавязкова атрымаецца рытмічна і прыгожа.