Мэта месяца: вызначыць накірунак Чалавек па сваёй натуры зменлівы, непастаянны ў поглядах і дзеяннях. Ён можа казаць адно, а рабіць зусім іншае. Ад гэтага ён адчувае няўпэўненасць у сваіх жаданнях, у сваёй будучыні. А навошта гэта?
Калі ёсць канкрэтная мэта, то ўсе намаганні, сілы, магчымасці, нават нейкія выпадковасці чалавек накіроўвае ў адно рэчышча. І для справы добра, і чалавек унутрана ўраўнаважаны.
Калі часта змяняць накірунак свайго жыцця, можна заблытацца ў самім сабе: хто я, навошта жыву, якая ад мяне карысць. А паволі падымаючыся па прыступках, можна атрымаць асалоду і ад шляху, і, затым, ад дасягнутай мэты. Галоўнае – ведаць, па якой лесвіцы падымаешся і навошта.
Асоба месяца: святая Агата Сіцылійская Св. Агата паходзіць з аднаго вядомага роду з вострава Сіцылія. Пасля прыняцця хросту Агата вырашыла захаваць сваю ўнутраную чысціню з-за любві да Хрыста. І ўсе жаніхі атрымлівалі адмову. А адзін з іх, рымскі намеснік Квіцыян, так раззлаваўся, што, нападаючы на сіцылійскіх хрысціян па загадзе імператара, адной з першых арыштаваў Агату. Яе доўга катавалі ў турме. У той час на Сіцыліі было землетрасенне, з-за якога Квіцыян, спужаўшыся, перастаў праследаваць хрысціян. Агату таксама хацелі адпусціць, але было ўжо позна: 5 лютага 251 года яна загінула ў турме ад катавання. Менавіта ў гэты дзень каталіцкі Касцёл успамінае Святую Агату.
Праз год пасля смерці Агаты адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Вернікі маліліся да яе, і лава абышла горад. Святую Агату лічаць нябеснай ахоўніцай ад прыродных катаклізмаў. У дзень яе ўспаміну вернікі асвячаюць хлеб, соль і ваду. Месца, дзе яны знаходзяцца, абаронена ад пажараў і ўдараў маланкі.
Прадмет разважанняў месяца: дасягненні Ці ёсць яны ў мяне? Калі так, то ці значныя яны? Прынеслі яны карысць ці былі толькі для забавы? А калі ўвогуле нічога не прыходзіць на розум, гэта не азначае, што дасягненняў няма. Можна нешта зрабіць і забыцца на гэта (штосьці проста падасца дробяззю). Але нават разумнае добрае слова, сказанае своечасова, можа выратаваць чалавеку жыццё. Дык што ж знаходзіцца ў маім мінулым? Ці магу я чым-небудзь падзяліцца?
Справа месяца: самастойна вырашыць справу Дапамога – гэта, безумоўна, добра. Калі хтосьці сам прапаноўвае яе, наўрад ці трэба адмаўляцца, бо тады атрымліваецца, што Ты замінаеш чалавеку зрабіць добрую справу. Але ёсць такія справы, калі Ты сам просіш дапамогі там, дзе можаш абысціся без яе. А самастойнасць жа толькі вучыць, выхоўвае і падбадзёрвае.
Дзякуючы гэтаму, можна заваяваць аўтарытэт у вачах сваіх бацькоў, сяброў, знаёмых. Ты пакажаш, на што здольны, чаго ад Цябе можна чакаць. У іншым выпадку, калі часта звяртацца за дапамогай, можна прадэманстраваць сваю бездапаможнасць нават у самых простых справах. І ўзровень аўтарытэту і даверу да Цябе паменшыцца.
Таму, здаецца, выгадней паказаць сябе з лепшага боку.
Кніга месяца: “Ад мяне гэта было”, размова бога з душой чалавека Гэтая размова напісана даўно. Серафім Вырыцкі, аўтар кнігі, кананізаваны праваслаўнай Царквой. Асноўная думка сканцэнтравана ў самой назве – усё ад Бога. Як кажуць, і добрае, і дрэннае. Але дрэннае – гэта ўсяго тое, што не падабаецца нам.
Вось, напрыклад, Бог кажа: “Ад Мяне гэта было”, калі Ты знаходзішся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі або навокал людзі, якія Цябе не разумеюць. Гэта Бог выбраў тое месца, дзе Ты знаходзішся зараз, і нават калі ў Цябе незадавальняючае фінансавае становішча, ведай, што ўсё ад Бога. Вось зараз Ён, мабыць, хоча, каб Ты адчуваў залежнасць ад Яго.
Бог дазваляе, каб у Тваім жыцці прысутнічалі расчараванні. Але Ты павінен ведаць, што Бог – Твой лепшы сябар, і Ты павінен усё прыносіць Яму: і радасць, і гора.
Кожная сітуацыя з жыцця – своеасаблівы ўрок. Няма звестак ад блізкіх людзей? Бог правярае моц Тваёй веры на малітве за блізкіх. Цяжкая хвароба, якая перакрэсліла ўсе Твае планы на будучыню? Бог хоча, каб Ты глыбей спазнаў Яго.
Памятай, што ўсё, з чаго складаецца Тваё жыццё, Бог бласлаўляе. Галоўнае – прыняць.
Песня месяца: “Мой сябар”, Iгар Kруты Галоўная ідэя песні – уменне вызначыць, хто на самай справе сябар, а хто – не. Роздум над тым, што часам нас вельмі хвалюе. Сярод натоўпу знаёмых трэба вызначыць аднаго чалавека – роднага, блізкага, сардэчнага.
Спявак кажа, што сябар – гэта той, хто будзе з Табою, калі адчуе, што Цябе ахапіла адзінота. “І сагрэе без віна”. Той, у каго душа просіць прабачэння за ўсё, што давялося перажыць.
Балюча памыляцца ў людзях. Але трэба цаніць тое, што даў Бог. І сябры ў нас таксама ад Бога. Гэта наша люстэрка. Робім высновы.