Мэта месяца: запоўніць пустэчу Нястача – гэта тая ж пустэча, якую можна запоўніць, калі мець жаданне і прыкласці пэўныя намаганні. Галоўнае – выявіць сутнасць праблемы. А запаўняць неабавязкова тым, чаго не хапае.
Напрыклад, калі для салату няма мяса, можна пакласці туды каўбасу. Будзе, канешне, не тое ж, зменіцца смак. Але можа атрымацца нешта новае і цікавае. А можна паэксперыментаваць і ўвогуле забыцца на салат, а прыгатаваць… курыцу ў духоўцы. Зразумелі, што я хачу сказаць? Як не тое, дык гэта. І “гэта” можа быць нават лепшым за “тое”.
Асоба месяца: Святы Аўгусцін Св. Аўгусцін, ласку навяртання для якога вымаліла маці – св. Моніка, вядомы многім.
Ён нарадзіўся 13 лістапада 354 года ў Нумідзіі (цяпер Алжыр). Яго бацька быў язычнікам, маці – хрысціянкай. Акрамя Аўгусціна ў сям’і было яшчэ двое дзяцей.
Калі ён пайшоў вучыцца ў Карфаген, пачала слабнуць яго вера. У выніку, ён уступіў у маніхейскую секту, без шлюбу жыў з жанчынай, з якой меў сына.
Маці Аўгусціна вельмі перажывала. Яна заўсёды малілася за яго, прасіла Бога аб яго навяртанні. І Бог пачуў.
Існуе меркаванне, што яго думкі кардынальна змяніліся пасля таго, як ён пачуў пропаведзь епіскапа. Гэты ж епіскап, св. Амвросій, пахрысціў Аўгусціна на Вялікдзень у 387 годзе. Так пачалося яго новае духоўнае жыццё, адбылося ўнутранае ацаленне.
Пасля гэтага Аўгусцін стаў святаром. 34 гады ён служыў у Паўночнай Афрыцы і Гіппоне. Напісаў шмат прац па тэалогіі і філасофіі, у якіх разважаў, між іншым, аб тым, што ў чалавека ёсць усяго два шляхі: шлях да святасці або адмова ад яе. Святы Аўгусцін з’яўляецца доктарам Касцёла. Каталіцкі Касцёл успамінае яго 28 жніўня.
Прадмет разважанняў месяца: неабходнасць, нястача Яшчэ, мабыць, ні ў кога не было так, каб усяго ў жыцці было ў дастатку. Таму варта паразважаць: чаго не хапае? Якая ў Вас нястача: духоўная ці матэрыяльная? І ці можна выправіць сітуацыю і “залатаць дзіркі”? Калі так, дык што тады замінае?
Справа месяца: зрабіць добрую справу Як прыемна хоць на момант зрабіцца анёлам. Добрым, клапатлівым…
У лістападзе задумаліся пра нястачу. А вось цікава, пра чыю? Усе задумаліся пра сваю? Але справа ў тым, што ў некаторых яна можа быць нашмат большая, чым у Вас. І галоўнае, што Вы можаце дапамагчы, калі захочаце.
Вось дзяўчына пайшла, плачучы. Чаму б ні спытаць, што здарылася, ні пачаставаць шакаладкай, якую Ты купіў, каб з’есці пасля пары ва ўніверсітэце. А вось мужчына аж счырванеў, падымаючыся па лесвіцы на кастылях. Ды проста патэлефануй матулі сябра і падзякуй за яго. Адзін толькі Твой “узмах крыламі” – і чалавеку ўжо неяк лягчэй.
А потым можна падзяліцца сваёй добрай справай на старонках газеты “Слова Жыцця”. “Мая справа месяца ў лістападзе”. Даўно чакаю Вашых лістоў. Я веру, што некаторым проста не хапае часу, каб напісаць, і ведаю, што хтосьці прыслухоўваецца і спрабуе духоўна развівацца разам са мной. Дык пацвердзіце мае думкі, Сябры!
Kніга месяца: “Свабода ад страху”, Кеннэт і Глорыя Коупленд. У першым разделе кнігі можна даведацца аб тым, што “страх – гэта падробка веры”. “Калі ты будзеш карыстацца верай, то яна заўсёды пераможа страх. Любоў заўсёды пераможа нянавісць”.
Таму адразу маленькая зачэпка для разважанняў: чаму чалавек баіцца? Не заўсёды адкрыта, часта ўтойвае сам факт. І адказ: пасля здзяйснення граху Адамам “тая вера, што была ў яго сэрцы, перайшла ў страх”. Значыць, карані страху людзей знаходзяцца ў граху.
Цяпер існуе цэлая хрысціянская каманда, якая называецца “Місія Кеннэта Коупленда”. Яна ставіць перад сабой мэту: вывесці вернікаў на новы ўзровень, дзе яны ўжо самі змогуць умела дзяліцца з іншымі біблейскімі прынцыпамі веры, любові, ацалення, адкуплення і праведнасці.
Кніга – адзін са спосабаў вучэння. Акрамя таго, існуюць яшчэ такія магчымасці, як тэлебачанне, інтэрнэт, касеты і запісы, правя-дзенне канферэнцый і выступленняў перад вернікамі ў святыні.
Кніга “Свабода ад страху” перасцерагае, што страх – гэта галоўная зброя д’ябла, а таксама нагадвае аб тым, што наша сіла ў веры. А што Ты павінен зрабіць для таго, каб гэтая сіла напаўняла Цябе, аўтары адказваюць у кнізе.
Закранаецца таксама пытанне выбару, закон узаемных супрацьлегласцей. Любоў – гэта супакой, а страх – гэта пакута. Атрымліваецца, што прапаноўваючы Табе грэх на сподачку, д’ябал на дэсерт рыхтуе яшчэ і пакуту. А Бог – гармонію і супакой. І калі Ты жывеш у любові да Бога, Ты можаш быць упэўнены, што Бог Цябе беражэ. Аб Табе клапоціцца цэлая армія анёлаў.
І “памятай, што сатана не можа ствараць, ён можа толькі скажаць”. А ўсе мы створаны паводле вобразу Бога і хочам быць падобнымі да Яго.
Песня месяца: “Вуснамі Бога”, SOM (GINEX) Тры хлопцы, якія эмігрыравалі ў Германію з Расіі і Малдовы, вырашылі стварыць рэп гурт GINEX. Іх творчыя псеўданімы – SOM, Don-A i Beny Krik. Тыя, хто слухаў, пагодзяцца са мной, што іх песні кранаюць, бо праўдзіва апісваюць жыццё і лёс хлопцаў.
У 2010 годзе SOM выдаў альбом “Вуснамі Бога”. У ім ёсць таксама і песня з такой жа назвай. Слухаем: “Яго не бачна, але Ён дзесьці побач з намі. Яго не чутно, але мы заўсёды Яму рады…”.
На тонкім ланцужку на шыі спевака вісіць крыжык. Не ўсе яго носяць, але, я ўпэўнена, усе вераць і моляцца. SOM кажа, што ноччу яго часам будзіць голас Бога. Ён папярэджвае: “Не бойся, павер: у цябе будзе шчасце, але таксама і шмат страт…”. SOM задумваецца аб тым, што калісьці жыццё скончыцца, і спадзяецца, што “Ён пашле мяне туды, дзе больш свету”.