З каталіцкіх СМІ Беларусі (28)

Актуальна - Прэса

catholicby2018У Івянцы ў францішканскім кляштары пры касцёле св. Міхала Арханёла прайшлі велікапосныя рэкалекцыі для моладзі на тэму “Я ведаю, у каго паверыў”. Хлопцы і дзяўчаты, якія прыехалі з розных мясцін Беларусі, мелі магчымасць як супольна ўзбагаціцца духоўна, так і правесці час у “пустыні”.
    Асобным пунктам рэкалекцый стала знаёмства маладзёнаў з крыжам з касцёла св. Дам’яна. Гэты крыж вельмі цесна звязаны са св. Францішкам з Асізі, бо менавіта з малітвы перад ім распачалося яго навяртанне. Крыж з касцёла св. Дам’яна – гэта ікона, якая прадстаўляе Езуса трыумфуючага; укрыжаванага, але жывога і праслаўленага.
    Напрыканцы сустрэчы хлопцы і дзяўчаты адзначылі, што дзякуючы рэкалекцыям змаглі атрымаць палёгку ў такі складаны час і проста духоўна адпачыць ды аднавіцца.

Каталіцкі
рэлігійны часопіс
    Рэкалекцыі – гэта духоўныя практыкаванні, мэта якіх – вяртанне чалавека да сапраўднай нармальнасці, аздараўлення ўсіх узроўняў жыцця, выпраўлення адносін з Богам і людзьмі. У штодзённасці мы звычайна робім шмат памылковых выбараў, з-за якіх усе сферы нашага жыцця, душы і цела разбалансоўваюцца. Гэта прыводзіць да пустой траты энергіі, абяссільвання, страты жыццёвых арыенціраў, што знешне праяўляецца ў апатыі, абыякавасці, хістаннях паміж нервовай мітуснёй і нежаданнем дзейнічаць.
    У выніку падыход да штодзённых заданняў становіцца павярхоўным, адсутнічаюць матывацыя і сілы, губляецца разуменне сэнсу. Каб не даводзіць сваё жыццё да падобнага краху, неабходна рэгулярна праходзіць своесаблівы “духоўны медагляд” свайго жыцця, спалучаны з інтэнсіўным лячэннем. Для гэтага і патрэбны рэкалекцыі.
   
   
Беларуская рэдакцыя  Ватыканскае радыё актывізавала кароткахвалевае вяшчанне ва Украіну і Расію. Да ўжо існуючых дзвюх штодзённых трансляцый, ранішняй і вячэрняй, асобна на рускай і ўкраінскай мовах, раніцай дадаецца дваццаціхвілінная трансляцыя як на Маскву, так і на Кіеў.
    Рашэнне было прынята аднадушна кіраўніцтвам Дыкастэрыі па камунікацыі, каб у гэты драматычны перыяд несці надзею і словы Папы, дапамагаць у чытанні фактаў праз прызму Евангелля.
    “Трансляцыі Ватыканскага радыё, інтэрнэт-старонкі і сацсеткі Vatican News на 51 мове, уключаючы англійскую і італьянскую на мове жэстаў. Мэта ўсяго гэтага – дапамагчы людзям адчуць, што яны не самотныя, што перамагае сіла малітвы”, – адзначыў Масімільяна Мэнікэці, адказны за працу Ватыканскага радыё і Vatican News.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   Велікапосная пастырская сустрэча адбылася ў Лідзе, сабраўшы 40 духоўных асоб. Падчас сустрэчы духавенства асабліва малілася за братэрскі ўкраінскі народ, які пакутуе ад вайны. Удзельнікі дня засяроджання прасілі Бога аб міры для суседняй краіны і міры ва ўсім свеце.
    Прысутныя ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, на кожнай стацыі разважаючы над сваім жыццём, і таксама ўзгадалі 9 святароў-мучанікаў Лідчыны, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у часы ІІ Сусветнай вайны. Адзначылі, што пакутнікі прынеслі яскравае сведчанне веры, а таксама вучаць сённяшняе духавенства сведчыць пра Езуса Хрыста.