З каталіцкіх СМІ Беларусі (24)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў БеларусіМоладзь мінскай катэдральнай парафіі наведала сваіх праваслаўных аднагодкаў з прыхода Усіх Святых у Мінску. Сустрэча дзвюх моладзевых супольнасцей адбылася ў сценах храма-помніка, дзе каталіцкая моладзь мела магчымасць наведаць крыпту і пастаянную экспазіцыю “Музей памяці”. Маладыя людзі задавалі адзін аднаму пытанні, якія іх цікавілі, адносна каталіцкіх і праваслаўных традыцый, літургіі і звычаяў, размаўлялі пра тое, што аб’ядноўвае хрысціян Усходу і Захаду; параўноўвалі, у чым яны падобныя і што іх адрознівае. Заключным момантам сустрэчы стала знаёмства і размова з ключаром храма Усіх Святых протаіерэем Фёдарам Поўным. Святар распавёў удзельнікам сустрэчы гісторыю свайго паклікання, а таксама пра ідэю стварэння храма-помніка. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на значэнне Божага слова ў жыцці маладога верніка.

vesnik    Сястра Аўгустына Дакуцька родам з Лагойска. Апошнія чатыры гады манахіня дамініканка працуе ў Благавешчанску – горадзе на беразе ракі Амур, па якой праходзіць мяжа Расіі з Кітаем. Насупраць Благавешчанска размешчаны кітайскі горад Хэйхэ. Нягледзячы на тое, што ад кляштара сясцёр да мяжы можна дайсці за дзесяць хвілін, у Хэйхэ сёстрам яшчэ не ўдалося пабываць, паколькі знаходзіцца там у манаскім адзенні небяспечна, між іншым, па прычыне пераследу хрысціян. Парафію сясцёр дамініканак кітайскія вернікі наведваюць не так часта. Аднойчы ў іх гасціла пяць святароў з Кітая. Са слоў сястры, у Расіі шмат праваслаўных, але гэта хутчэй проста ахрышчаныя людзі, чым вернікі. У краіне шмат яшчэ і тых, хто з верай увогуле не мае нічога агульнага. У такіх абставінах вернікам іх парафіі патрэбна мужнасць, каб жыць паводле Хрыста.
   
   
Беларуская рэдакцыя  Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці заявіла аб жаданні супрацоўніцтва з новай старшынёй Еўрапарламента – 43-гадовай мальтыйкай Рабэртай Мэтсола. Мэтсола, жонка і маці чацвярых дзяцей, – самая маладая галава Еўрапарламента ў гісторыі і трэцяя жанчына на гэтай пасадзе. У 2020 годзе яна была віцэ-старшынёй Еўрапарламента і каардынатарам яго дыялогу з Касцёламі, рэлігіямі і неканфесійнымі арганізацыямі. Новаабраная старшыня Еўрапарламента падчас сваіх папярэдніх выступленняў выказвалася ў падтрымку сямейнай палітыкі, якая, на яе думку, сфарміруе будучыню Еўропы. Падчас удзелу ў маі 2021 года ў экуменічнай малітве яна адзначыла важнасць удзелу Цэркваў у канферэнцыі аб будучыні Еўропы. Чакаецца, што да вясны 2022 года Канферэнцыя сфармулюе высновы і кіруючыя прынцыпы для будучыні Еўропы.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   Да Дня ратаўніка ў Дзятлаве ўрачыста адкрылі новы будынак, дзе размясціліся раённы аддзел МНС і пажарная аварыйна-выратавальная часць №1. У гэты дзень павіншаваць мясцовых жыхароў са знакавай падзеяй, а таксама падзякаваць ратаўнікам за службу прыбыло шмат гасцей. Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі духавенства – Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, якія блаславілі новы будынак, дзе будуць працаваць ратаўнікі чалавечых жыццяў. Kаталіцкі Касцёл на мерапрыемстве прадстаўляў пробашч дзятлаўскай парафіі кс. Здзіслаў Пікула SDB.