З каталіцкіх СМІ Беларусі (21)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў БеларусіІмшы на беларускай мове ў Маскве збіраюць усё больш удзельнікаў. Вернікі звычайна моляцца ў капліцы францішканскага кляштара. Падчас апошняй св. Імшы беларускія католікі расійскай сталіцы разважалі над Евангеллем паводле Марка пра аздараўленне сляпога Бартымэя. Актуальныя падзеі ў свеце і на Бацькаўшчыне паказваюць, куды вядзе слепата: не фізічная, а духоўная. Чалавеку без сустрэчы з Хрыстом не ўдасца аздаравіцца ад духоўнай слепаты, каб супрацьстаяць спакусам улады, узбагачэння, цялесных задавальненняў. Гісторыя Бартымэя – гэта прыклад галоўнай сустрэчы ў жыцці для кожнага з нас: не варта яе адкладаць на іншы, “больш зручны” час. Не трэба таксама звяртаць увагу на меркаванні іншых і паддавацца страху перамен. На заканчэнне св. Імшы ўдзельнікі ўзнеслі малітву за Беларусь.

часопіс “Ave Maria”    С. Наталля Дрэмо, палатынка з Воранава, адзначае, што ў штодзённасці патрэбен адпачынак. І манахіня адпачывае падчас пляцення ружанцаў – гэта яе хобі. Кожны створаны ўласнаручна ружанец для сястры не проста штучны выраб. Калі нейкі чалавек просіць зрабіць ружанец, то яна, плетучы кожную “ружу”, моліцца за гэтую асобу. Калі робіш такі ружанец, у ім змяшчаецца акурат 33 рухі, якія сімвалізуюць колькасць гадоў знаходжання на зямлі Езуса. Ружанец робіцца з сутажу – шчыльнага, плоскага шнура, падзеленага на дзве часткі. Кожная з іх аплецена каляровай або металізаванай ніткай. Абедзве часткі падзелены “жалабком”. Пасля шнура падбіраецца крыжык і распачынаецца праца. Каб зрабіць адзін ружанец, патрэбна каля трох гадзін. Хобі манахіні налічвае ўжо больш за сто ружанцаў.
   
   
Беларуская рэдакцыя  Беларуская версія Ватыканскага інтэрнэт-радыё ўжо ў эфіры. Анлайн-трансляцыя даступна як на сайце Vatican News, так і ў аплеце Radio Vaticana для смартфонаў на IOS і Android. Апрача навін і рубрык Беларускай рэдакцыі, у праграме штодзённа будзе Імша, Літургія гадзін і Ружанец на лацінскай мове, шмат класічнай музыкі.
   “З’яўленне беларускай версіі Ватыканскага інтэрнэт-радыё – гэта яшчэ адна магчымасць камунікацыі з нашай аўдыторыяй. Многія сочаць за навінамі з Ватыкана па-беларуску на старонцы Vatican News, шмат хто слухае аўдыяверсію беларускай праграмы на хвалях Радыё Марыя і Радыё Рацыя, у інтэрнэце, на кароткіх хвалях і праз спадарожнік. Цяпер зроблены наступны крок”, – адзначае кс. Аляксандр Амяльчэня, кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і Vatican News.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   Палатын (Таварыства каталіцкага апостальства) Максім Боландзь з Ліды прыняў пасвячэнне дыяканату. Урачыстасць адбылася ў семінарыйнай капліцы ў Алтажаве (Польшча). Пасвячэнне ўдзяліў ардынарый Элблангскай дыяцэзіі біскуп Яцэк Езерскі. Сярод прысутных на ўрачыстай Імшы святароў былі пробашчы кандыдатаў да пасвячэння і ксяндзы палатыны, якія служаць у Беларусі.
    Дыяканат з’яўляецца пастаяннай структурай у Касцёле, а пасля ІІ Ватыканскага Сабору перажывае сваё адраджэнне ў форме сталага дыяканату, пасвячэнне якога прымаецца як канчатковае. Біскуп дадаў, што неабходнай рысай жыцця і функцыянавання дыякана павінна быць даступнасць.