З каталіцкіх СМІ Беларусі (20)

Актуальна - Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў Беларусі10 кастрычніка св. Імшой у фарным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку адзначылі 400-годдзе гістарычнай бітвы пад Хоцінам (1621 г.), якая мела вялізнае значэнне для народаў усёй Еўропы.
    У гонар бітвы пад Хоцінам у навагрудскім касцёле ўсталявана памятная пліта-кенатаф – не толькі ўнікальны помнік мастацтва барока, але і сведчанне супольнага гістарычнага лёсу беларусаў з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі. Гэта высечаны ў камені напамін агульнай гісторыі народаў, якія баранілі Еўропу ад азіяцкіх заваёўнікаў з Усходу.
    “Нашы продкі абаранілі веру, і наша заданне таксама захаваць і перадаць яе нашчадкам”, – падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі падчас урачыстасці.

часопіс “Ave Maria”    Здараецца, што падчас адгаворвання Ружанца нам цяжка засяродзіцца на разважанні таямніц і мы проста бяздумна паўтараем малітву. Ёсць надзейны спосаб сапраўды ўважліва маліцца на ружанцы і пражываць біблійныя падзеі разам з нашай нябеснай Маці.
    Сутнасць такога спосабу ў тым, што ў кожнай малітве “Вітай, Марыя...” пасля слова “Езус” мы дадаём невялікае разважанне, суадноснае з ружанцовай таямніцай. Ідэя бярэ пачатак ад практыкі ружанцовай малітвы св. Яна Паўла ІІ. Адмысловыя малітоўныя дадаткі да ўсіх таямніц Святога Ружанца можна знайсці ў друкаваным часопісе “Ave-Maria” (№ 10 (271) 2017) або на анлайн-старонцы часопіса (https://ave-maria.by).
   
   
Беларуская рэдакцыя  Санктуарый у Фаціме стане больш экалагічным: там уводзяць шэраг экалагічных інвестыцый у межах праекту “Laudato si´”, якія адначасова накіраваны на папулярызацыю зместу аднайменнай энцыклікі, прысвечанай клопату пра планету.
    Экалагічныя праекты тычацца, між іншым, выкарыстання электрычнасці з аднаўляльных крыніц энергіі, перапрацоўкі адходаў і пашырэння “зялёнай” тэрыторыі. Мерапрыемствы будуць рэалізоўвацца на працягу бліжэйшых сямі гадоў і з’яўляюцца “адказам на прароцкі крык Касцёла” пра памылкі чалавецтва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.
    На дадзены момант ужо праведзена замена 50% сістэмы асвятлення.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   У Лідзе ў мікрараёне Паўднёвы біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў зямлю пад будаўніцтва новага касцёла, крыж і капліцу, якая будзе часовым месцам малітвы вернікаў новай парафіі св. Юзафа і бл. сясцёр мучаніц з Навагрудка.
    Хоць парафія стаіць толькі на пачатку свайго шляху (з 2017 года), яна ўжо вельмі энергічная. Вернікі разам з пробашчам парафіі кс. доктарам Віталіем Сідоркам неаднаразова збіраліся на суботнікі; тут дзейнічае дзіцячы і дарослы хор; шмат парафіян аказвае дапамогу ў арганізацыйных пытаннях.