З каталіцкіх СМІ Беларусі (13)

Прэса

catholicby2018 Інтэрнэт-партал
Касцёла ў Беларусі

   У Багданаве (Валожынскі раён), месцы нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца, побач з касцёлам св. Міхала Арханёла яму быў адкрыты помнік. Аўтарам бюста з’яўляецца скульптар Валяр’ян Янушкевіч, чые працы можна ўбачыць у многіх беларускіх касцёлах.
    Праект па ўшанаванні памяці славутага беларускага мастака, чый 150-гадовы юбілей адзначаўся летась, быў фінансаваны Пасольствам Рэспублікі Польшча пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.
    Адным з найбольш вядомых твораў Фердынанда Рушчыца з’яўляецца палатно “Нядзеля. Ля касцёла”, што захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. На карціне адлюстравана нядзельнае набажэнства ў старым драўляным касцёле ў Багданаве, які згарэў у гады ІІ Сусветнай вайны.

vesnikГазета
Віцебскай дыяцэзіі

    Газеце Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі веснік” спаўняецца 10 гадоў! З гэтай нагоды рэдакцыя выдання дзеліцца цікавымі фактамі. Першы нумар газеты захоўваецца ў Ватыкане. “Каталіцкі Веснік” – адзінае каталіцкае выданне, якое можна выпісаць праз Белпошту. За 10 гадоў працы колькасць супрацоўнікаў рэдакцыі вырасла з 6 да 11 чалавек. Самыя далёкія пункты, адкуль рабіліся рэпартажы, – гэта Партугалія, Італія, Украіна, Польшча, Латвія і Эстонія. Калектыў рэдакцыі “Каталіцкага Весніка” ўзнагароджаны Дыпломам за 1-ае месца ў аглядзеконкурсе па ўжыванні беларускай мовы сярод рэгіянальнага друку ў 2014 і 2019 гадах. У рэдакцыю за 10 гадоў працы даслана каля 4 тысяч ахвяраванняў і 804 інтэнцыі ў газетную закрыстыю.
   
radio vaticana Беларуская рэдакцыя
   Папа абвясціў аб кананізацыі 7-мі бласлаўлёных. Гэта Лазар Пілаі, вядомы як Дэвасахаям, індыйскі свецкі вернік, мучанік, забіты з нянавісці да веры; французскі святар Сэзар дэ Бюс, заснавальнік Кангрэгацыі Айцоў Хрысціянскай Дактрыны; Луіджы Марыя Палацола, заснавальнік манаскай супольнасці Сясцёр Бедных; італьянскі святар Джусціна Марыя Русаліла, заснавальнік Таварыства Боскіх Пакліканняў і Кангрэгацыі Сясцёр Боскіх Пакліканняў; італьянская манахіня Марыя Франчэска ад Езуса (Анна Марыя Рубата), заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр Тэрцыярак Капуцынак з Лаана; Марыя Дамэніка Мантавані, сузаснавальніца і першая генеральная настаяцельніца Інстытута Малых Сясцёр Святой Сям’і; а таксама вядомы французскі святар Шарль дэ Фуко.
   
grodnensis  Інтэрнэт-партал
Гродзенскай дыяцэзіі

1 мая, ва ўспамін св. Юзафа, рамесніка, у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбыўся дзень засяроджання і малітвы праз заступніцтва Апекуна Святой Сям’і. Набажэнства адбылося з нагоды таго, што ў Каталіцкім Касцёле праходзіць Год св. Юзафа, а па распараджэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча касцёл Святой Сям’і ў Лідзе з’яўляецца юбілейнай святыняй, у якой можна атрымаць адпусты.
    Асаблівай падзеяй для парафіяльнай супольнасці стала прыбыццё фігуры Маці Божай Каралевы Паратунку з Мілана. Такім чынам вернікі мелі магчымасць скласці свае турботы і каля ног Марыі.