З каталіцкіх СМІ Беларусі (12)

Прэса

catholicby2018 Інтэрнэт-партал
Касцёла ў Беларусі

   Становішча вернікаў у Беларусі непакоіць каталіцкі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Даклад ахоплівае перыяд 2018–2020 гады. Паводле дадзеных, 67% насельніцтва зямлі пражываюць у 62-ух краінах, дзе адзначаюцца парушэнні рэлігійнай свабоды ў тых ці іншых формах. Найбольш ад ганенняў у свеце церпяць хрысціяне.
    У 26-ці са згаданых 62-ух краін быў адзначаны сапраўдны пераслед, яшчэ ў 36-ці назіраецца дыскрымінацыя па рэлігійнай прыкмеце. Акрамя таго, яшчэ 24 краіны, сярод якіх таксама Беларусь, знаходзяцца “пад назіраннем”. У Беларусі за акрэслены перыяд заклапочанасць выклікалі, перадусім, сумнавядомы “крыжалом” у Курапатах і незаконная забарона вяртання на радзіму арцыбіскупу Кандрусевічу.

ave Рэлігійны часопіс
    Прыняцце таго, што маеш сёння, вызваляе ад жадання мець больш, быць кімсьці іншым, насычацца чужой увагай і захапленнем. Сенека малодшы казаў, што чалавек, які бясконца параўноўвае сябе з іншымі, ніколі не будзе шчаслівы. Аднак, дзякуй Богу, ёсць лек, які здольны вылечыць многіх і не патрабуе рэцэпта.
    Гэта праслаўленне Усявышняга. Яно не патрабуе спецыяльных месцаў ці часу і здольна ўратаваць чалавека, які давярае Пану, з любога полымя. Праслаўленне, г. зн. падзяка за ўсе справы для мяне і людзей навокал – здольна вярнуць магчымасць бачыць дабро, ачысціць сэрца ад яду зайздрасці. Праслаўленне не канстатуе фактаў, яно аздараўляе і змяняе рэчаіснасць, бо запрашае заўважыць яе Аўтара.
   
radio vaticana Беларуская рэдакцыя
   Згодна з гарачым жаданнем Святога Айца, у маі будзе праходзіць малітоўная ініцыятыва пад назвай “Касцёл рупліва маліўся да Бога”. Галоўная інтэнцыя ружанцовага марафона – хуткае завяршэнне пандэміі каранавіруса, якая ахапіла амаль увесь свет. Як вядома, май у каталіцкай духоўнай традыцыі прысвечаны адмысловай малітве праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
    На працягу мая, штодзённа ў 18.00 па рымскім часе, на афіцыйных медыя-каналах Апостальскай Сталіцы будзе трансліравацца малітва на ружанцы з аднаго з 30-ці санктуарыяў свету. 1 мая папа Францішак асабіста дасць старт малітоўнай ініцыятыве, а 31 мая – завершыць яе. Далучайцеся да малітоўнай барацьбы супраць Covid-19.
   
grodnensis  Інтэрнэт-партал
Гродзенскай дыяцэзіі

Велікодная радасць Кангрэгацыі сясцёр св. Кацярыны Александрыйскай была ўзмоцнена тым, што тры сястры, у тым ліку адна з Беларусі, прынеслі ў Браневе (Польшча) вечныя манаскія абяцанні. Духоўнасць гэтай кангрэгацыі характэрызуецца асаблівым разважаннем над пасхальнымі таямніцамі.
    Беларуска с. Аўгустына Белагрывая CSC, якая была сярод іх, паходзіць з парафіі св. Казіміра, каралевіча, у Ліпнішках (дэканат Іўе). Пасля прынясення вечных абяцанняў манахіня вярнулася ў Беларусь, дзе працягвае служэнне ў парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (дэканат Ваўкавыск).