З каталіцкіх СМІ Беларусі (6)

Прэса

catholicby2018 Інтэрнэт-партал
Касцёла ў Беларусі

    Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч сустрэўся з намеснікам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргеем Алейнікам. Падзея адбылася з нагоды ўручэння прадстаўніком папы Францішка копіі даверчых грамат.
    Як паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, падчас сустрэчы былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у актывізацыі беларуска-ватыканскага супрацоўніцтва. Між іншым, Сяргей Алейнік пажадаў арцыбіскупу Антэ Ёзічу актыўнай плённай працы ў мясцовым Касцёле.

vesnikГазета
Віцебскай дыяцэзіі

    У 52-гадовым узросце па ўзнагароду да Пана адышоў кс. Леанід Мозгель, пробашч парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне (Віцебская дыяцэзія). За дзень да смерці святара памерла яго маці – Станіслава Мозгель.
    Кс. Леанід паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі. Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне скончыў у 2001 годзе. Прэзбітэрскія пасвячэнні прыняў 1 мая 2003 года ў Віцебску з рук біскупа Ула- дзіслава Бліна. Працаваў у парафіях у Ветрыне, Фарынаве, Блізніцы, Бягомлі, Павяцці, Ідолце і Дзеркаўшчыне. Пахаванне святара і яго маці адбылося 12 лістапада ў Старых Васілішках.
   
dyalog  Рэлігійны часопіс
   Вельмі часта здараюцца пахаванні, якія хутчэй нагадваюць не літургію, а смутны спектакль аднаго акцёра…
    Пачынаецца ўсё з тэлефоннага званка святару, што памёр нейкі парафіянін Іван Іванавіч. Калі ксёндз яго не ведае (а служыць у парафіі 20 гадоў), пытае, ці хадзіў той да касцёла, бо чамусьці не прыпамінае. Сям’я адказвае, што хадзіў рэдка. На практыцы гэта азначае, што на працягу апошніх 20-ці гадоў ён не быў ні разу. Сумна. Сумна тое, што г. зв. католікі – “прынесеныя”: іх прынеслі на хрост – без свядомай згоды; нешта падобнае зроблена і пасля смерці.
   
grodnensis  Інтэрнэт-партал
Гродзенскай дыяцэзіі

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў персанальныя змены двух святароў, якія служаць у дыяцэзіі.
    Кс. Руслан Мазан вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (дэканат Вялікая Бераставіца) і прызначаны пробашчам парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Святар заменіць на пасадзе спачылага кс. каноніка Юзафа Ганчыца.
    Адміністратарам парафіі Вялікія Эйсманты прызначаны кс. Юрый Ясевіч.