З каталіцкіх СМІ (201)

Прэса

catholicby2018Сімволіка Пастырскага года 2020
   Распрацавана графічная выява, якая стане сімвалам наступнага Пастырскага года ў Касцёле ў Беларусі.
На выяве, створанай кс. Артурам Ляшнеўскім SDB, упаўнаважаным Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за выраб і распаўсюджванне сімволікі Пастырскага года, бачым Хрыста, які стукаецца ў дзверы. Гэта дзверы чалавечага сэрца, адчыніць якія можа знутры толькі сам чалавек. Тут жа бачым постаць св. Яна Паўла ІІ, побач з якой змешчаны тэма і дэвіз наступнага года. Па рашэнні каталіцкага епіскапата Беларусі Пастырскі год 2020 будзе прысвечаны св. Яну Паўлу ІІ. Гэта звязана з тым, што ў наступным годзе прыпадае 100-годдзе з дня нараджэння вялікага Папы, які прыйшоў у свет 18 мая 1920 года.
   

credo 2019  “Каталіцкі” дызайн
Некалькі ілюстратараў і дызайнераў аб’ядналіся, каб стварыць CUBE – Catholic Ukrainian Art Brand (Каталіцкі ўкраінскі мастацкі брэнд).
Аўтары задумы плануюць паказваць сваімі работамі, што дызайн, сродкі масавай інфармацыі і мастацтва могуць спалучацца з верай у Бога. Першым праектам CUBE стаў выпуск калядных паштовак. Эксклюзіўныя віншавальныя карткі можна замовіць праз інтэрнэт.
wiara pl   “Два Папы”
Фільм пад такой назвай быў намінаваны на прэмію “Залаты глобус” у катэгорыі “лепшы драматычны мастацкі фільм”. Пераможцы і намінанты звычайна маюць шанс здабыць Оскар.
Намінацыю абвясціла “Hollywood Foreign Press Association” (“Галівудскае таварыства замежнай прэсы”). Бразільскі рэжысёр Фернанду Мейрэліш паказвае ў фільме дыялог паміж папам Францішкам і папам Бенедыктам XVI на тэму стану і будучыні чалавецтва. Гэтыя 2 надзвычай розныя постаці павінны будуць знайсці агульную мову, каб забяспечыць выжыванне Касцёла і не страціць давер мільёнаў вызнаўцаў. У выдуманай гісторыі ролю папы Бенедыкта XVI выконвае Энтані Хопкінс, а ролю кард. Хорхе Марыі Берголіа, пазней папы Францішка, – Джонатан Прайс.