З каталіцкіх СМІ (175)

Прэса

catholic newsВатыкан
   упрыгожаць да
   Божага Нараджэння
   У пачатку снежня на плошчы св. Пятра адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя святочнай елкі і ясляў.
Масіўнае дрэва вышынёй каля 21-го метра прывязуць з італьянскай дыяцэзіі Канкордыя-Пардэнонэ. Упрыгожванне і ілюмінацыя елкі будуць ажыццяўляцца ў супрацоўніцтве з фірмай “Osram”. Яна прадаставіць гірлянды апошняга пакалення з высокай колераперадачай, зробленыя з увагай да экалагічнасці і эканоміі электраэнергіі.
    Святочныя яслі даставяць на плошчу св. Пятра з горада Эзала, які знаходзіцца на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Яны будуць зроблены з пяску, згодна з традыцыйнай мясцовай тэхнікай.

ekai plУ Рыме паставілі
Карабель-шпіталь
для Амазоніі
Святы Айцец блаславіў праект, дзякуючы якому людзей, што жывуць далёка ад бальніц, змогуць наведаць урачы.
У час медыцынскага рэйса карабель-шпіталь, які носіць імя папы Францішка, павінен будзе пераадолець каля тысячы кіламетраў, каб дабрацца да размешчаных уздоўж ракі 12-ці абшчын, дзе пражывае каля 700 тыс. чалавек. Для многіх з іх гэта будзе адзіная нагода, каб трапіць да ўрача, асабліва спецыяліста.
    На борце карабля знаходзяцца, між іншым, лабараторыя, дзе можна выканаць асноўныя даследаванні, аптэка, аперацыйныя залы, а таксама дыягнастычная частка, абсталяваная рэнтгенам, ультрагукам, мамографам і інш.

radio vaticanaМаркі з-пад
рукі мафіёзі
Ватыкан выпусціць серыю марак на Божае Нараджэнне, у якой прысутнічаюць графічныя малюнкі, выкананыя вязнем.
Абразы Звеставання і Нараджэння Пана Езуса – 2 творы, якія Апостальская Сталіца выбрала для дызайна паштовых марак. Іх стварыў Марчэла д’Агата, які ўжо на працягу 25-ці гадоў адбывае пажыццёвае пакаранне за мафіёзную дзейнасць у міланскай калоніі строгага рэжыму.
    Кіраўнік Філатэлістычнага бюро пры Губернатарстве Ватыкана падкрэслівае, што даручэнне вязню выканання калядных паштовых марак з’яўляецца знакам надзеі, даверу ды веры ў бліжняга і яго здольнасць да зразумення здзейсненага зла і да пакрыцця ўчыненай шкоды.