З каталіцкіх СМІ (173)

Прэса

wiara plСвяты Айцец
прынёс надзею
   У Кракаве (Польшча) адбылася міжнародная канферэнцыя “Папа з-за жалезнай заслоны”. Дакладчыкі прадставілі ўплыў пантыфікату св. Яна Паўла ІІ на краіны і Касцёлы савецкага блока.
Аўтарытэт Папы славяніна акрэсліўся ўжо пасля першай яго пілігрымкі ў Польшчу ў 1979 годзе. Плён падарожжа стаў відавочны, калі ў краіне выбухнулі першыя забастоўкі, а на браме верфі з’явіліся выявы Маці Божай і тагачаснага Пантыфіка. За рухам “Салідарнасць” назіраў увесь свет. Такім чынам, св. Ян Павел ІІ дакрануўся да гадзінніка гісторыі.
    Гэта было першае навуковае мерапрыемства, дзе прадставілі вынікі ранніх даследаванняў у дадзенай галіне. Удзел у ім прынялі спецыялісты з Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Германіі, Расіі, Румыніі, ЗША, Венгрыі і Італіі.

ekai plАмазонкі з клопатам
пра хворых на рак
ХХІ Пілігрымка Амазонак прыбыла на Ясную Гару (Польшча) з падзякай за дар жыцця і зваротам да жанчын, каб клапаціліся аб уласным здароўі.
Таварыствы Амазонак, якія дзейнічаюць амаль па ўсім свеце, – гэта немедыцынскія арганізацыі самадапамогі, якія служаць практычнай псіхалагічнай падтрымкай жанчынам, закранутым праблемай раку грудзі.
    У сёлетняй сустрэчы на Яснай Гары прынялі ўдзел каля 7-мі тыс. жанчын з гэтым анкалагічным захворваннем з Польшчы, Германіі, Славакіі і Чэхіі. Увага прысутных звярталася на тое, што здаровая маці і жонка – гэта здаровая сям’я. Важным момантам сустрэчы стаў заклік да прафілактыкі, паколькі кастрычнік на працягу ўжо многіх гадоў аб’яўлены ў свеце месяцам барацьбы з ракам.

radio vaticanaКаталіцкія госпіталі
ахвярам вайны
Ужо больш за 10 тыс. чалавек скарысталіся бясплатным медыцынскім абслугоўваннем для ахвяр вайны ў 3-ох каталіцкіх госпіталях у Дамаску і Алепа (Сірыя).
Акцыя праходзіць пад назвай “Адкрытыя бальніцы”.
    У ёй задзейнічаны шматлікія ўстановы, перш за ўсё, італьянскія, у тым ліку Ватыканская педыятрычная бальніца Дзіцятка Езус.
    95% пацыентаў – мусульмане. “Мы прымаем усіх без выключэння. Не пытаемся, ці тэрарыст, ці мяцежнік, ці салдат дзяржаўных узброеных сіл. Для нас галоўнае, што ўсе з’яўляюцца Божымі стварэннямі”, – гаворыць с. Каралін Тахан FMA з госпіталя ў Дамаску.