З каталіцкіх СМІ (167)

Прэса

catholicby2018“Фальшывы Папа”
   Пад такой назвай у свет выйшла кніга, падрыхтаваная італьянскімі журналістамі. У ёй сабраны шэраг фальшывых звестак пра асобу папы Францішка і яго выказванні, што з’яўляліся ў СМІ.
Нэлё Скава, адзін з сааўтараў, сказаў, што ідэя выдання нарадзілася пасля таго, як свет убачыла кніга “Ворагі Францішка”. У ёй расследавалася, з якім супрацівам і перашкодамі сутыкаецца Папа. Аўтары кнігі выбралі каля 80-ці асноўных абвінавачванняў у адрас Пантыфіка і правялі сур’ёзную працу па іх развянчанні.
    “Мы вылучылі навіны, якія нам здаваліся найбольш цікавымі, пачынаючы з часу аргенцінскай дыктатуры і да нашых дзён. Мы бралі іх адну за другой і правяралі, прыводзячы абвяржэнне і выкрыццё”, – адзначыў сааўтар.

radio vaticanaУ Ватыкан вярнулася
рэдкая копія ліста Калумба

   
Яна была выкрадзена пры невядомых абставінах і заменена на падробку.
Гаворка ідзе пра 8-старонкавы ліст, які Калумб асабіста напісаў у 1493 годзе да іспанскіх манархаў, паведамляючы аб адкрыцці Амерыкі і прыродных багаццях гэтых земляў. У той час было зроблена некалькі дзясяткаў копій гэтага ліста, якія былі разасланы ў розныя часткі Еўропы.
    У 2011 годзе ў Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША звярнуўся эксперт па старажытных кнігах і манускрыптах, які выказаў меркаванне, што ліст Калумба ў ватыканскім зборы не з’яўляецца аўтэнтычным. Праведзенае даследаванне пацвердзіла гэты факт. Пасля 7-мі гадоў пошукаў супрацоўнікі амерыканскіх спецслужб адшукалі скрадзены арыгінал.

ekai plПамерла старэйшая
манахіня ў свеце

   
Вікторыя дэ ла Круз належала да Кангрэгацыі Сясцёр Адараторак. У хуткім часе яна адзначыла б сваё 111-годдзе.
С. Вікторыя нарадзілася ў 1907 годзе ў Малазе (Іспанія). Пасля складання манаскіх абяцанняў была адпраўлена ў Японію. Там заснавала некалькі школ. З’яўлялася настаяцельніцай некалькіх манаскіх супольнасцей.
    Да канца жыцця працавала на карысць моладзі і жанчын. За сваю дзейнасць была адзначана ўладамі Японіі. Год таму, калі адзначала свой 110-ты Дзень нараджэння, стала вядомай “ютуберам” усяго свету. У рытме кастаньет зайграла вядомую песню “Que viva España!” (“Няхай жыве Іспанія!”).