З каталіцкага друку (106)
Прэса
Бяздомныя на фільме
пра Францішка Тысячы бяздомных і ўбогіх убачылі ў Ватыкане біяграфічны фільм пра Папу пад назвай “Ascoltatemi Francesco” (Выслухайце мяне, Францішка). Папская рада па справах дабрачыннасці, валанцёры і рымскія парафіі распаўсюдзілі 7 тысяч бясплатных білетаў. Пасля паказу ў Зале Паўла VI найбяднейшым было раздадзена 2 тысячы сумак з ежай.
Перад дэманстрацыяй фільма зайграў духавы аркестр Швейцарскай гвардыі, які ніколі не высупае за выключэннем прысягі і Божага Нараджэння. Фільм італьянскага рэжысёра Даніэле Лекецці адлюстроўвае жыццё Хорхе М. Берголіа з часоў ранняй маладосці ў Буэнас-Айрэсе праз яго перажыванні з часоў панавання ваеннай дыктатуры ў Аргентыне да абрання Папам 13 сакавіка 2013 г.
†
Прэзідэнт Беларусі спадзяецца на сустрэчу з Папам Аляксандр Лукашэнка заявіў таксама, што далей збіраецца праводзіць палітыку ўмацавання кантактаў з Ватыканам.
Лукашэнка папрасіў Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці, які заканчвае сваю місію ў Беларусі, перадаць Папе, што ён чакае сустрэчы. “Нам будзе аб чым пагаварыць з гэтым паважаным мною чалавекам”, – паведаміў кіраўнік дзяржавы.
З прызнаннем Прэзідэнт выказаўся аб працы Гуджэроці, якога назваў найлепшым Апостальскім нунцыем у Беларусі. “Мы шмат зрабілі разам з мэтай наладжвання добрых адносін, і я лічу, што ў перспектыве мы зробім усё, каб адбылася мая сустрэча з Папам на вышэйшым узроўні”, – сказаў Лукашэнка.
У гонар св. Мікалая Вуліцамі Любліна прайшло Шэсце св. Мікалая. Таксама былі ўрачыста прывітаныя яго рэліквіі. Марш праводзілі ўланы і духавы аркестр. Падчас Шэсця быў устаноўлены рэкорд колькасці асоб, пераапранутых у сапраўднага св. Мікалая.
“Мэтай арганізацыі Шэсця з’яўляецца прамаванне добрага выхавання маладога пакалення. Святы Мікалай, біскуп Міры, – заступнік дзяцей і моладзі. На працягу стагоддзяў яго ўспрымалі як прадстаўніка і пасярэдніка ў справах такога тыпу”, – падкрэслілі арганізатары.