З каталіцкага друку (102)

Прэса

Кастрычніцкі місійны
Ружанец онлайн!

   Кастрычнік – месяц ружанцовай малітвы. Ужо другі раз Салезіянскі місійны валантарыят “Маладыя свету” прагне ў гэты час заахвоціць да штодзённай супольнай малітвы ў інтэнцыі місій.
   
   Падрыхтаваныя місійныя разважанні даступны на інтэрнэт-старонцы http://swm.pl/rozaniec. Разважаючы Радасныя таямніцы, удзельнікі моляцца ў інтэнцыі дзяцей вуліцы ў краінах закранутых узброенымі канфліктамі. Адгаворваючы Балесныя таямніцы, просяць аб сталым доступе да вады для жыхароў тэрыторый, дзе пануе засуха. Праз Хвалебныя таямніцы аддаюць Марыі праблему адукацыі ўбогіх дзяцей ва ўсім свеце, а ў Таямніцах святла даручаюць Богу місіянераў і свецкіх валанцёраў, якія працуюць у місійных краінах.


У 2020-м годзе з'явіцца
зборнік літаратурных твораў
Караля Вайтылы

   У Кракаве падпісалі ліст на ажыццяўленне праекта “Крытычнага выдання літаратурных твораў Караля Вайтылы – Яна Паўла II”.
   

   “У існуючых выданнях ёсць некаторыя прабелы, таму што маюцца фрагменты тэкстаў, якія яшчэ не былі апублікаваны, – кажа каардынатар праекта доктар Ганна Каронь-Астроўска. – Мы хочам да іх дайсці і адкрыць свету. Існуюць таксама варыянты тэкстаў, якія пісаў Папа, будучы маладым чалавекам”.
    Вынікам працы навукоўцаў стане трохтомнае выданне ўсіх літаратурных твораў Папы-паляка, некаторыя з якіх да гэтага часу не былі апублікаваны цалкам, без скарачэнняў. Выданне прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння Караля Вайтылы.
   

Папа адказаў на ліст хворага
васьмігадовага хлопчыка

   Ён скіраваны як да хворага Даміяна, так і да іншых дзяцей, якія разам з ім вырушылі з Місіяй супакою ў марыйны санктуарый у Лурд.
   “Ваша задача – малітва і сведчанне. Пакажыце дарослым, што дзеці здольны маліцца, любіць Езуса – Сябра, які ніколі не здраджвае, здольны дапамагаць адзін аднаму і мець надзею на лепшую будучыню”, – напісаў Папа.
    Словы Святога Айца з’яўляюцца адказам на ліст, які раней выслаў малы Даміян. Хлопец, які жыве ў Рыме, запрашаў у ім Францішка далучыцца да пілігрымкі дзяцей у якасці пасла супакою і спадарожнічаць ім падчас побыту ў Лурдзе.