З каталіцкага друку (101)
Прэса
Вяночак на вуліцах свету 2015 Чарговая акцыя “Вяночак да Божай міласэрнасці на вуліцах гарадоў свету” адбылася 28 верасня. Ідэя акцыі простая: кожны год у гадавіну беатыфікацыі бл. Міхала Сапоцькі, спаведніка св. Фаустыны, збірацца на скрыжаваннях вуліц у розных частках свету і прасіць аб Божай міласэрнасці для сябе і ўсяго свету. Так свет затрымліваецца ў разважанні і сузіранні Божай міласэрнасці.
У гэтым годзе да малітвы былі далучаны капітаны самалётаў і караблёў разам са сваім экіпажам, а таксама вадзіцелі аўтатранспарту. “Праз капеланаў аэрапортаў, суднаходства і прыдарожных капліц яны атрымалі трыпціхі з абразом “Езу, давяраю Табе” і тэкстам Вяночка. Праз некалькі месяцаў трыпціхі былі распаўсюджаны па цэлым свеце, і многія людзі дзякуючы ім пачалі адгаворваць Вяночак”, – сказаў духоўны апякун акцыі а. Рэмігіуш Рэцлаў.
†
У Філадэльфіі завяршыўся
“Кангрэс сям’і” Ён адбыўся 22–25 верасня ў межах VIII Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая праходзіць у самым вялікім горадзе Пенсільваніі пад дэвізам: “Любоў – наша місія: сям’я, якая жыве ў паўнаце”. У кангрэсе прынялі ўдзел амаль 20 тысяч чалавек: сотні біскупаў, ксяндзоў, кансэкраваных асоб і, перш за ўсё, сямей з усяго свету. Праграма сустрэч датычылася розных выклікаў для сучаснай сям’і: выхавання дзяцей, адносін паміж мужчынам і жанчынай, апекі над людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і пажылымі людзьмі, ролі дзядуль і бабуль у сям’і, смерці сужэнца ці дзіцяці, а таксама разводаў.
На VIII Сусветнай сустрэчы сем’яў прысутнічаў таксама папа Францішак. Ён узначаліў св. Імшу, а таксама прыняў удзел у сустрэчы на карысць рэлігійнай свабоды.
Папа сустрэнецца
з Прэзідэнтам Дудам Святы Айцец прыме на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта РП Анджэя Дуду 9 лістапада 2015 года. У праграме візіту побач з сустрэчай са Святым Айцом будзе таксама размова з Дзяржсакратаром Апостальскай Сталіцы кард. П’етра Паралінам. Акрамя гэтага, прэзідэнт Дуда наведае магілу св. Яна Паўла ІІ і св. Пятра.