З каталіцкага друку (94)

Прэса

Міжнародная
пілігрымка ваенных

   12 тысяч чалавек з 40 краін прынялі сёлета ўдзел у міжнароднай пілігрымцы салдатаў і сілавых служб у Лурд.
   
   Арганізаваная ўжо ў 57-ы раз штогадовая па-дзея сабрала пілігрымаў у мундурах, у тым ліку таксама хворых і раненых. Падчас побыту ў Лурдзе 42 дарослых асобы прынялі хрост, а 70 – сакрамант канфірмацыі. Падзея скончылася міжнароднай Імшой, адпраўленай у санктуарыі.


У Касцёле чатыры
новыя святыя

   З удзелам тысяч вернікаў з усяго свету падчас св. Імшы на плошчы св. Пятра папа Францішак абвясціў святымі чатыры манахіні, якія жылі ў XIX і на пачатку XX стагоддзя.
   Гэта дзве палестынкі: Марыя (Марыям) Бавардзі – кармелітка босая, і Марыя Альфонсіна Даніл Гатас, а таксама францужанка Жана Эмілі дэ Вільнёў і італьянка Марыя Крысціна Брандо. За выключэннем Бавардзі, астатнія сёстры былі заснавальніцамі жаночых манаскіх супольнасцей. Партрэты ўсёй чацвёркі віселі на франтоне базілікі св. Пятра.
   

Акрываўленая сутана
св. Яна Паўла II
перададзена ў Кракаў

   У 34-ю гадавіну замаху на жыццё Папы Рымскага Яна Паўла II, яго асабісты сакратар кард. Станіслаў Дзівіш перадаў у санктуарый св. Яна Паўла II у Кракаве бясцэнную рэліквію.
   Гэта акрываўленая сутана, у якую святы Ян Павел II быў апрануты 13 мая 1981 года. У гэты дзень падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра забойца Мехмед Алі Агджа паспрабаваў забіць Папу.