З каталіцкага друку (79)

Прэса

Працягваецца акцыя
“Білет для брата”

   Гэта адзін са спосабаў дапамагчы моладзі з Усходу прыняць удзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве.
   
    Акцыя “Білет для брата” працягнецца да канца чэрвеня 2016 г. На фінансаванне побыту ў Польшчы могуць разлічваць маладыя людзі з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кіргістана, Літвы, Малдавіі, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана. Як інфармуе генеральны сакратар арганізацыйнага камітэта СДМ кс. Гжэгаж Сухадольскі, у сустрэчы з папам Францішкам могуць прыняць удзел нават 100 тысяч маладых пілігрымаў з Усходу.
    Сродкі збіраюць некалькімі спосабамі. Адной з ідэй з’яўляецца дыск-цаглінка, на якім вядомыя польскія музыкі спяваюць вершы Караля Вайтылы. CD даступна ў парафіях і ў музычных крамах.


Помнік св. Яну Паўлу II у Парыжы

   25 кастрычніка быў адкрыты помнік св. Яну Паўлу II ля сквера Яна XXIII, адразу ж за катэдрай Нотр-Дам у Парыжы.
   
    Статуя Папы-паляка правяла чатыры гады ў падвале дома сясцёр візітак у Парыжы. Прычынай для гэтага стала спрэчка паміж гарадскімі ўладамі Парыжа і Польскай каталіцкай місіяй у Францыі аб месцы размяшчэння помніка.
    3,6-метровая фігура Папы была выканана з бронзы. Гэта дар расійскага скульптара Зураба Цэрэтэлі, дырэктара Расійскай акадэміі мастацтваў, у знак яго захаплення Папам.
    Вясной 2015 г. побач з помнікам будзе высаджаны сорт белых руж, які носіць імя Яна Паўла II.

Смяротнае пакаранне для Асі Бібі

   Апеляцыйны суд у Лахоры пацвердзіў выдадзены ў 2010 годзе смяротны прысуд па абвінавачванні ў блюзнерстве супраць Мухамеда для Асі Бібі.
   
    Гэтая 43-гадовая жанчына, маці пяцярых дзяцей, на самой справе толькі расказвала сваім сяброўкам мусульманкам пра сваю веру ў Хрыста. Яна ўжо больш за пяць гадоў знаходзіцца ў турме.
    Адвакат Асі Бібі Наім Шакір паінфармаваў, што апеляцыя, прадстаўленая абаронай, не была прынята. У пісьмовай форме растлумачвалася, чаму сведкі ненадзейныя, а абвінавачванні ілжывыя. Адначасова адвакат абвясціў, што падасць апеляцыю ў Вярхоўны суд, які з’яўляецца найвышэйшай інстанцыяй правасуддзя ў Пакістане.