З каталіцкага друку (60)

Прэса

Папа Францішак – Чалавек года па версіі часопіса “Time” 
   “Гэта пазітыўны знак, што адна з найбольш прэстыжных адзнак міжнароднай прэсы прызнана таму, хто абвяшчае ў свеце духоўныя, рэлігійныя і маральныя каштоўнасці, а таксама пераканаўча выказваецца на карысць міру і большай справядлівасці”, – пракаментаваў рашэнне штотыднёвіка Ватыкан.
    Рэдка “ігракі на сусветнай арэне” так хутка прыцягваюць увагу людзей маладых і старых, веруючых і цынікаў, як гэта адбылося ў выпадку з папам Францішкам. Праз дзевяць месяцаў пасля свайго выбару ён стаў у цэнтры асноўных дыскусій нашага часу, што датычаць багацтва і беднасці, сумленнасці і справядлівасці, празрыстасці, сучаснасці, глабалізацыі, ролі жанчыны, прыроды сужэнства ці спакус улады.
    У часы, калі адчуваецца абмежаванне кіраўніцтва ў многіх месцах, чалавек без арміі і зброі, у якога няма каралеўства, акрамя невялікай тэрыторыі ў цэнтры Рыма, але з вялікім багажом багацця і гісторыі за плячамі кідае выклік. Свет становіцца ўсё меншым, адзіночныя галасы ўсё гучнейшымі; а дзякуючы тэхналогіям яго голас даносіцца ажно да краю свету. Калі ён цалуе скажоны твар чалавека ці мые ногі мусульманцы, такі вобраз выходзіць далёка за межы каталіцкага Касцёла.

Хваля малітвы аб знікненні голаду

   “Caritas Internationalis” распачаў кампанію барацьбы з голадам у свеце, якой упершыню спадарожнічала агульнасусветная “Хваля малітвы” ў інтэнцыі знікнення голаду.
    Кампанія барацьбы з голадам праходзіць пад дэвізам: “Адна чалавечая сям’я, ежа для ўсіх”. 10 снежня ўсе людзі добрай волі а 12-й гадзіне па сваім мясцовым часе трывалі на малітве ў інтэнцыі знікнення голаду. Так малітоўная хваля ахінула ўвесь зямны шар.
    Мішэль Рой, генеральны сакратар “Caritas Internationalis”, праінфармаваў, што бедства голаду і недаядання закранае сёння звыш 840 мільёнаў жыхароў свету.
    “На нашай планеце дастаткова ежы для кожнага чалавека. Нашае заданне – прыняцце такіх мер, каб да яе мелі доступ усе. Мы разам можам да гэтага давесці, перамагаючы сусветны голад”, – падкрэслівае Мішэль Рой.

Турынская Плашчаніца будзе выстаўлена ў 2015 г.

    Выстаўленне Плашчаніцы працягнецца каля 45 дзён і будзе звязана з адзначэннем двухсотгоддзя нараджэння св. Яна Боско.
    Кс. абп Чэзарэ Нозілья, кусташ гэтай найкаштоўнейшай рэліквіі хрысціянства, выражае надзею, што з гэтай нагоды папа Францішак прыбудзе ў Турын, каб памаліцца перад Плашчаніцай.
    Палатно было прывезена ў Еўропу са Святой Зямлі каля 1353 года. Ужо 400 гадоў яно захоўваецца ў турынскай катэдры ў пабудаванай спецыяльна для гэтай мэты капліцы Гварыні. З XV ст. Плашчаніца была ўласнасцю сабаудскай дынастыі, патомкі якой у 1983 г. перадалі яе Папе, а той у сваю чаргу перадаў палатно пад апеку турынскіх мітрапалітаў. На сённяшні дзень “вартаўніком Плашчаніцы”, прызначаным Папам, з’яўляецца кс. абп Чэзарэ Нозілья.