Славакі маршыравалі для жыцця
Сёлетняя еўрапейская сталіца культуры, славацкі горад Кошыцэ, стала Горадам культуры жыцця. Вуліцамі гэтага горада прайшоў Нацыянальны марш жыцця. Гэта было найбольшае ў Славакіі грамадскае і публічнае сведчанне на карысць культуры жыцця.
Марш быў рэакцыяй на сістэматычныя дзеянні, што пагражаюць годнасці чалавечага жыцця і сям’і, якая апіраецца на саюз мужчыны і жанчыны. Гэта перасцярога перад уваходжаннем у законную сілу дэструктыўных для сям’і і грамадства ідэалогій, хаця б такіх, як гендэрная ідэалогія. Гэтая падзея доўга і старанна рыхтавалася мясцовымі рухамі “Pro life”, сабранымі ў нацыянальны Форум жыцця. Яе поўнасцю падтрымаў славацкі епіскапат і іншыя хрысціянскія Касцёлы.
“Гэта падзея, якая аб’ядноўвае мноства людзей вакол адзінай справы – абароны чалавечага жыцця з хвіліны зачацця ажно да натуральнай смерці, абароны самых слабых: тых, якія знаходзяцца ва ўлонні маці, а таксама няпаўнаспраўных і старэйшых людзей, – падкрэсліваюць арганізатары маршу. – Гэта моцны калектыўны і публічна выражаны заклік, адрасаваны адказным за стварэнне закону і тым, хто мае ўладу ў дзяржаве. Гэта яны адказныя за юрыдычную абарону асноўных каштоўнасцей насуперак тэндэнцыям і націскам, якія плывуць з Еўропы і свету”. †