З каталіцкага друку (52)

Прэса

“Перашкоды на шляху адкрыцця
сябе на Езуса”
Кс. Войцех Пшыбыльскі

Бог няспынна шукае чалавека, хоча з ім сустрэцца, унесці ў яго жыццё святло. Але ключ ад дзвярэй чалавечага сэрца знаходзіцца ў руках самаго чалавека. Недахоп дакладных рэлігійных ведаў, ведання Святога Пісання, паглыбленага сакраментальнага жыцця – усё гэта вядзе да неразумення правіл веры і маральнасці. А гэта спрыяе схільнасці да антыкасцёльнай прапаганды, якую падаюць абдурваючыя слоганы, мноства нічога не вартых фільмаў, перадач, праграм, псеўдазабаў. Адсутнасць крытыцызму паслабляе дух! Вера ж узмацняецца, калі перадаецца. Маўчанне на тэму веры, тое, што мы не жывём ёй штодзённа і зводзім яе выключна да прыватнай сферы, а таксама паспешнасць, павярхоўнасць, стомленасць, ігнараванне штодзённых грахоў, трыванне ў цяжкіх грахах і дрэнных звычках – усё гэта адрывае веруючага чалавека ад Бога, паслабляе яго веру. Вера з’яўляецца ласкай, аб якой трэба штодзённа шчыра прасіць Бога. Але яна павінна быць падтрымана нашым намаганнем, унутранай працай, няспынным клопатам пра яе ўзрастанне.

Стадыён надзеі  
Агата Пусьцікоўская
28/2013

А. Джон Башабора правёў рэкалекцыі ў Польшчы. Малітва, спакой, радасць. Вось кароткая і праўдзівая характарыстыка рэкалекцый на Нацыянальным стадыёне. Суботняя раніца. Поўнае сонца, нягледзячы на тое, што яшчэ няма васьмі. Ад Грахоўскай, ад Саскай Кэмпы, ад моста Панятоўскага цягнуцца тлумы. Пешшу, аўтобусамі, прыватнымі аўтамабілямі. Набліжаецца вялікая пілігрымка маладых людзей, парафіяльных груп, сем’яў. Па брукаваным тратуары грукочуць таксама каляскі. Едуць немаўляты ў глыбокіх гандолах, едуць двухгодкі ў прагулачных. Грукоча таксама вялікая каляска з зусім вялікім Міхаськам. Яго галава неяк сама пераварочваецца, ручкі працуюць, як хочуць. А ножкі амаль зусім не працуюць, бо не могуць. Каляску пхае мама Міхаські. На Нацыянальны стадыён яна вязе ўсё сваё жыццё, увесь свой скарб і, адначасова, боль: хворага сына, ад якога пасля нараджэння адвярнуўся нават бацька. Таму яна вязе Міхаську да лепшага Айца. Па ацаленне? Па лепшую будучыню? Па надзею – адказваюць сумныя вочы маці. Кожны пілігрым, забяспечаны спецыяльнымі картамі, шукае сваю брамку. Брама 10, уваход з боку вакзала, брама 3 – з боку моста. Час ляціць, таму трэба паспяшацца. Дапамагаюць кваліфікаваныя сцюарды. Для сем’яў з дзецьмі да 10 гадоў і інвалідаў падрыхтаваны сектар стадыёна. Роўненька пастаўлены і пранумараваны крэслы і пункты для перапавівання і кармлення немаўлят.