З каталіцкага друку (32)

Прэса

“Якая розніца паміж сектай і Касцёлам?”
    Павел Шуппэ
   7-8, 2012-07-12

Спрабуючы адказаць на гэтае пытанне, трэба падаць спецыфічныя рысы сектаў і Касцёла, якія значна адрозніваюць дзве гэтыя рэчаіснасці. Адной з характэрных асаблівасцей секты з’яўляецца наяўнасць уплывовага, харызматычнага і дамінуючага лідэра, які можа называцца прарокам, настаўнікам, лідэрам, гуру, які лічыцца боствам ці яго ўцелаўленнем. Лідэр секты ставіць сябе вышэй за законы і ўмовы веры. У Касцёле мы маем справу з духоўным правадніком, святаром, які падкрэслівае сваю службовую паставу ў адносінах да Бога і бліжняга. Навука, абвешчаная Богам, абавязковая для ўсяго Касцёла, а пастырам яна ставіць большыя маральныя патрабаванні.
У секце існуюць розныя праў­ды: для лідэраў адны, для звычайных людзей іншыя.
    Класічная рознасць секты і Касцёла бачна таксама ў розным падыходзе да эсхаталогіі. Секта небяспечна канцэнтруецца на асу­джэнні, надыходзе дня Апошняга Суда, прадказваючы катастрофы, якія прынясе канец свету. Касцёл жа радасна чакае паўторнага прыйсця Езуса і канца часоў.
    Варта звярнуць увагу на характар супольнасці – дэструктыўны ці канструктыўны. У выпадку секты часта выступае элітарны характар арганізацыі, недахоп даверу і ўкрыванне інфармацыі пра сябе ад знешняга свету. У Касцёле мы бачым адкрытасць на супольнасць і жаданне дзяліцца духоўнымі і матэрыяльнымі каштоўнасцямі з іншымі.
    Секты выкарыстоўваюць роз­ныя тэхнікі маніпуляцыі, каб зня­воліць сваіх наступнікаў. Касцёл прэзентуе сапраўдную Хрыстовую навуку, каб кожны чалавек мог рабіць свабодны выбар у справе служэння Богу і людзям.



“Фрэскі вучаць берагчы час”
   З мастаком Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць пісьменніца Ірына Жарнасек  
   2-2012

Аўтар распытвае мастака пра роспіс новапабудаванага касцёла ў Расонах, які ўражвае ўсіх, хто туды ўваходзіць, сваёй прыгажосцю і нечаканасцю. Мастак Уладзімір распавядае, што спачатку ён меўся аздобіць касцёл у аскетычным стылі. Аднак, блукаючы па Расонах, мастак даведаўся, што ў гэтым мястэчку вялікі працэнт самагубстваў. “Тады і падумалася: а чаму б не аздобіць касцёл прыгожа, ярка, можа нават з элементамі наіву? Ну, каб хтосьці пераступіў яго парог і адчуў гэтую прыгажосць, радасць... Ведаеце, у сярэднявеччы фрэскі, распавядаючы людзям пра падзеі Евангелля, выконвалі своеасаблівую ролю пісьма для вялікай колькасці непісьменных людзей – яны распавядалі пра біблійныя падзеі ў даступнай форме. Але ж і ў наш час візуальная інфармацыя таксама вельмі моцна ўздзейнічае на чалавека. Як гэта ні дзіўна, але пры агромністым патоку сучаснай інфармацыі, часта агрэсіўнай, яркая карціна, якая нясе дабро, пазітыў, здольна затрымаць чалавека пры сабе”. Уладзімір дзеліцца тым, чым для яго была праца над роспісам касцёла ў Расонах: “[...] калі я там працаваў, то не раз лавіў сябе на адчуванні творчага шчасця. [...] Я, вядома ж, пішу карціны, але іх хтосьці ўбачыць, хтосьці не, а тут людзі прыходзяць маліцца, размаўляць з Богам... І калі мая праца хоць крышачку дапаможа камусьці – ці ж гэта не шчасце для мастака?”