Слова для Жыцця (210)

Слова для Жыцця

Кс. абп
   Тадэвуш Кандрусевіч

   Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2020 года “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”, між іншым, прадугледжвае першую бясплатную спробу экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Гэта азначае, што грахоўную працэдуру, якая супярэчыць Святому Пісанню і маральнаму вучэнню Касцёла, плануецца фінансаваць таксама за кошт падаткаў вернікаў.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўжо выказваўся ў лютым 2019 года на тэму ЭКА як амаральнай працэдуры, якая прыніжае годнасць чалавечай асобы і стварае пагрозу Божаму дару жыцця. Мы не можам маўчаць, калі ў небяспецы знаходзіцца натуральны, закладзены Богам парадак рэчаў, асабліва калі гэта датычыцца чалавечага жыцця. Касцёл ніколі не ставіўся да чалавека як да біялагічнага матэрыялу, нягледзячы на тое, колькі часу прайшло пасля яго зачацця або нараджэння. Як каштоўнасць кожнага зачатага жыцця, так і святасць акту зачацця заўсёды знаходзіліся ў аснове хрысціянскага маральнага вучэння, бо гаворка ідзе пра павагу да святога дару саўдзелу чалавека – мужа і жонкі – у вялікай справе Бога Стварыцеля.
    Зачацце, якое адбываецца па-за сужэнскім актам, маніпуляцыі з эмбрыёнамі, іх крыакансервацыя і знаходжанне ў “замарожаным” стане, банкі жаночых і мужчынскіх палавых клетак, сурагатнае мацярынства – усё, што суправаджае і з’яўляецца часткай працэдуры штучнага апладнення, не можа пакінуць нас абыякавымі, паколькі гэта маральна недапушчальна.
    Касцёл занепакоены таксама пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 124 “Аб пытаннях прымянення дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій”, апублікаванай 13 мая 2020 года, у якой гаворка ідзе пра пашырэнне практыкі штучнага апладнення. Цяпер зацяжарыць з дапамогай ЭКА можа адзінокая здаровая жанчына, якая не мае палавога партнёра, што, несумненна, ставіць пад пагрозу існаванне інстытута сям’і, нівелюе каштоўнасць бацькоўства, пазбаўляе дзіця права на абодвух бацькоў. Такая сітуацыя робіць жанчыну і дзіця больш уразлівымі ў эканамічным і сацыяльным плане, ставячы пад пагрозу паўнавартаснае развіццё ў будучыні.
    У час, калі каштоўнасць чалавечага жыцця і сям’я знаходзяцца пад пагрозай, Касцёл заклікае вернікаў і ўсіх людзей добрай волі да актыўнай малітоўнай падтрымкі цывілізацыі жыцця.
Зварот да вернікаў Беларусі, 20.05.2020