Слова для Жыцця (207)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Дзе Бог канчаткова адкрыўся? На крыжы. Тут мы пазнаём рысы Яго Аблічча. Не будзем забываць, Браты і Сёстры, што крыж – гэта кафедра Бога. Нам будзе карысна ў маўчанні скіраваць позірк на распяцце і паглядзець, кім ёсць наш Збаўца: Ён не паказвае пальцам нават на тых, хто Яго ўкрыжаваў, але хоча абняць усіх; не прыгнятае сваёй хвалой, але адракаецца ад усяго дзеля нас; любіць не на словах, але моўчкі дае нам жыццё; не прымушае, а вызваляе; не адносіцца як да чужых, але бярэ на сябе наша зло, бярэ на сябе нашы грахі. Таму, каб вызваліцца ад забабонаў адносна Бога, будзем глядзець на распяцце. А потым адкрыем Евангелле. У гэтыя дні, калі ўсе знаходзяцца на каранціне дома, ізаляваныя, возьмем у рукі гэтыя дзве рэчы: будзем глядзець на распяцце і разгорнем Евангелле. Гэта павінна стаць для нас, скажам так, хатняй літургіяй, бо ў бліжэйшыя дні не можам пайсці ў касцёл. Распяцце і Евангелле!
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 08.04.2020


Кс. бп Аляксандр Кашкевіч   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      На самым пачатку сваёй місіі Пан Езус прагне падкрэсліць, што Яго найважнейшай задачай як Месіі з’яўляецца абвяшчэнне Божай любові, ласкі і прабачэння. Таксама і ў размове з Нікадэмам Пан Езус кажа прама, што “не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго” (Ян 3, 17). Будучы святарамі моцай сакраманту пасвячэнняў мы асаблівым чынам удзельнічаем у адзіным і вечным святарстве Езуса Хрыста. Мы былі выбраны Ім, пакліканы і пасланы, каб быць цэлебрантамі, г. зн. прыладамі Яго бясконцай любові і бязмежнай міласэрнасці. [...] Нашым святарскім словам і ўчынкам, а найперш моцай ласкі Божай, мы павінны аглядаць і лячыць зламаныя людскія сэрцы, нястомна абуджаць у іх веру і надзею, паказваць людзям Аблічча Бога як любячага Айца, багатага на міласэрнасць і прабачэнне.
Фрагмент гаміліі падчас св. Імшы Хрызма ў гродзенскай катэдры, 09.04.2020


Кс. бп Антоній Дзям’янка   Кс. бп Антоній Дзям’янка

      Нашы рукі існуюць для таго, каб у сучасным свеце не толькі абвяшчаць міласэрнасць, але і чыніць, несці яе. Мы пасланыя адшукваць тых, хто пакрыўджаны лёсам у нашых парафіях. А можа, пакрыўджаны іншымі асобамі, арганізацыямі, установамі. І мы пакліканы таксама патрабаваць ад іх міласэрнасці і справядлівасці.
Фрагмент гаміліі падчас св. Імшы Хрызма ў пінскай катэдры, 09.04.2020