Слова для Жыцця (184)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Усе мы маем патрэбу ў навяртанні, у тым, каб зрабіць крок наперад, а Божая цярплівасць суправаджае нас у гэтым. […] Можам спадзявацца на шчодрую міласэрнасць Найвышэйшага, але не павінны злоўжываць ёй. Нам належыць не займацца апраўданнем духоўнай ляноты, а ўзмацняць свае высілкі, каб неадкладна адказаць на гэтую міласэрнасць са шчырым сэрцам.
    У час Вялікага посту Пан заклікае чалавека да навяртання. Кожнаму з нас неабходна адчуць гэты заклік, выпраўляючы штосьці ў сваім жыцці, у ходзе сваіх думак, учынкаў, у адносінах з бліжнім. У той жа час мы павінны наследаваць цярплівасць Бога, які верыць, што можам “узняцца” і зноў распачаць шлях. Бог – Айцец, Ён не гасіць слабы агонь, але суправаджае і ахінае клопатам таго, хто слабы, каб мог стаць мацней і зрабіць свой унёсак любові ў грамадства. Няхай Панна Марыя дапаможа нам перажыць гэтыя дні падрыхтоўкі да Пасхі ў якасці часу духоўнага абнаўлення і даверлівай адкрытасці на ласку і міласэрнасць Бога.
Фрагмент прамовы перад малітвай “Анёл Панскі” ў Ватыкане, 24.03.2019  


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      У сцэне Звеставання бачым Марыю, заклапочаную і разгубленую, якая да канца не разумее слоў анёла, не ведае дакладна, як яны павінны здзейсніцца ў адносінах да Яе. Але, нягледзячы на вялікі страх і няўпэўненасць, Марыя гаворыць Богу сваё “fiat”: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).
    Адзінае, чаго прагне Марыя, – быць слугой Пана і верна выконваць Яго волю. Менавіта ў той момант, калі Марыя адказвае Пану Богу “так”, Яе дзявоцкае ўлонне прымае Збаўцу. Слова становіцца Целам і пасяляецца паміж намі. Раз і назаўсёды змяняецца ход гісторыі чалавецтва. А для Марыі пачынаецца ў гэты момант ціхая, утоеная ад людскіх позіркаў, вядомая толькі Ёй і Пану Богу, нялёгкая пілігрымка веры. І хоць у Святым Пісанні знаходзім няшмат інфармацыі пра жыццё Марыі, ведаем, якой складанай, а часта ўвогуле балючай была Яе жыццёвая вандроўка. Пан Бог, нягледзячы на тое, што адарыў Марыю найбольшым гонарам – быць Маці Яго Сына, – не пашкадаваў для Яе цярпенняў, болю і выпрабаванняў веры. Яшчэ не адзін раз Яна вымушана будзе паўтарыць Пану сваё “fiat”, пацвердзіць гатоўнасць выканання Яго волі з глыбокай верай і безумоўным даверам. Ніколі не пачуем з вуснаў Марыі слоў бунту, наракання ці скаргі. Яна назаўсёды застанецца вернай, пакорнай, паслухмянай слугой Пана.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай у свята Звеставання НПМ у Сакулцы, 25.03.2019